«Пачуўшы, што Лукашэнка зноў абяцае 500 даляраў заробку, людзі пераважна пасьмейваліся, некаторыя лаяліся...»

У пошце апошніх тыдняў пераважаюць допісы пра тое, што адбываецца ў беларускай эканоміцы і да якіх наступстваў можа прывесьці працяглы гаспадарчы заняпад.

Пачну сёньняшнюю размову зь ліста на гэтую тэму, дасланага Ільлём Бусько зь Менску. Слухач піша:

Найбольш сумна ня тое, што наша эканоміка коціцца пад адхон і жыцьцёвы ўзровень імкліва пагаршаецца. Куды больш балюча прыгнятае адсутнасьць пэрспэктывы.

«Найбольш сумна ня тое, што наша эканоміка коціцца пад адхон і жыцьцёвы ўзровень імкліва пагаршаецца. Куды больш балюча прыгнятае адсутнасьць пэрспэктывы. Здаецца, ужо да самага апошняга тугадума дайшло, што так жыць нельга, што насьпеў час зьменаў. А што мы чуем з самага верху? Ніякіх рэформаў ня трэба, дастаткова палепшыць тое, што маем... Ды што паляпшаць? За дваццаць тры гады дапаляпшаліся да таго, што ўсю савецкую спадчыну змарнавалі, пусьцілі на вецер...

Я вось часам думаю: няўжо ЁН сам не адчувае, што трэба сыходзіць, што пара даць дарогу маладым? Урэшце, можна ж дамагчыся любых гарантыяў бясьпекі і дастатку і для сябе, і для сям’і. Ня будзе іх ніхто чапаць, пакінуць і маёнтак у Драздах, і каралеўскае ўтрыманьне. Затое краіна ачуняе ад летаргіі, пачне нейкі рух наперад. Няўжо ЁН гэтага не адчувае?».

Аўтарытарныя лідэры надзвычай рэдка добраахвотна адмаўляюцца ад улады. Найчасьцей імкнуцца заставацца ля стырна пажыцьцёва...

А наконт гарантыяў... Ня думаю, што Лукашэнка верыць у якія б то ні былі гарантыі. Сам ён у свой час вельмі жорстка абышоўся са сваімі палітычнымі супернікамі. І, магчыма, зусім не беспадстаўна мяркуе, што гэтак жа могуць абысьціся і зь ім — калі толькі ён выпусьціць уладнае стырно з уласных рук.

На тэму эканомікі і кароткі ліст Алега Ліцьвінчыка зь Петрыкаўскага раёну. Слухач піша:

Заробак у нас цяпер у пераліку на даляры ледзь дацягвае да 150. І як гэтая лічба можа вырасьці больш як утрая, наша начальства ня ведае. Што праўда, яно, адрозна ад Лукашэнкі, і не абяцае нам нічога.

«У нас на працы даволі актыўна абмяркоўвалі новае абяцаньне Лукашэнкі — падвысіць у наступным годзе заробак да 500 даляраў. Што адметна, не знайшлося ніводнага чалавека, хто б узрадаваўся. Людзі пераважна пасьмейваліся, некаторыя лаяліся... Ня верыць практычна ніхто. Справа ў тым, што заробак у нас цяпер у пераліку на даляры ледзь дацягвае да 150. І як гэтая лічба можа вырасьці больш як утрая, наша начальства ня ведае. Што праўда, яно, адрозна ад Лукашэнкі, і не абяцае нам нічога».

Многія памятаюць, як Лукашэнка шэсьць гадоў таму даваў даручэньне да 2015 году наблізіць памер сярэдняга заробку да 1000 даляраў. Чым гэта скончылася, агульнавядома. Відавочна, адсюль і такое стаўленьне да новага абяцаньня. Хоць пры гэтым варта заўважыць, што 500 даляраў для сёньняшніх беларускіх рэаліяў не такая ўжо фантастычная лічба, асабліва калі ўлічыць зусім эўрапейскія цэны на пераважную большасьць спажывецкіх тавараў. Але дасягнуць і гэтай сьціплай лічбы наўрад ці магчыма без рэзкага росту цэн на нафту і калійныя ўгнаеньні. Бо ніякіх іншых істотных крыніцаў валютных даходаў цяперашняя Беларусь ня мае.

Аўтар наступнага ліста — Алесь Гагін са Смаргоні — разважае пра альтэрнатыву атамнай энэргетыцы. Слухач піша:

«У нашай мясцовасьці цяпер шмат гавораць пра небясьпеку атамнай станцыі, якая будуецца побач, у Астраўцы. Асабліва трывожна сталі гучаць такія размовы пасьля ліпеньскага здарэньня зь ядзерным энэргаблёкам, завезеным з Расеі. Калі такія інцыдэнты здараюцца яшчэ на этапе мантажу, то што будзе потым, калі АЭС пачне працаваць?

Ад аднаго знаёмага выпадкова даведаўся пра тое, што раней, яшчэ ў часы БССР, улады плянавалі разьвіваць на нашай тэрыторыі экалягічна чыстыя віды энэргетыкі. У прыватнасьці, нібыта існаваў праект будаўніцтва канала Дзьвіна — Дняпро з сеткай шлюзаў і ГЭС на рэках і канале. Існаваў гэты праект яшчэ ў гады кіраваньня Машэрава. Але потым, пасьля ягонай сьмерці, а таксама у сувязі з развалам СССР, праект закінулі.

Я вось цяпер думаю: якая выдатная альтэрнатыва існавала: энэргія вады замест непрадказальнай атамнай бомбы ў нас пад вокнамі... Можа, журналісты Свабоды што-небудзь ведаюць пра той праект? Цікава было б паслухаць. І, думаю, ня толькі мне, але і ўсім, хто неабыякавы да экалягічных праблемаў, зь якімі ўсё больш сутыкаецца Беларусь».

Паводле інфармацыі, узятай з афіцыйнага сайту Пастаяннага камітэту Саюзнай дзяржавы Беларусі і Расеі, такі праект, які прадугледжвае злучэньне воднага шляху з Балтыкі ў Чорнае мора, сапраўды існаваў і існуе. Паводле яго, Заходнюю Дзьвіну і Дняпро прапануецца злучыць 80-кілямэтровым каналам паміж Віцебскам і Воршай. З дапамогай такога каналу «цалкам магчыма дасягнуць мінімальнай — чатырохмэтровай — глыбіні ўсяго рачнога фарватэру ад Балтыйскага да Чорнага мора...». Такім чынам, найперш гэты праект накіраваны на вырашэньне транспартных праблемаў. Аўтары сьцьвярджаюць, што «новы маршрут для скандынаўскіх, балтыйскіх і заходнеазіяцкіх краінаў прыкладна ў шэсьць разоў карацейшы, чым шлях вакол Эўропы...» Паводле разьлікаў распрацоўшчыкаў, праект мог бы акупіць сябе на працягу шасьці гадоў. А калі побач з плацінамі збудаваць ГЭС, гэты тэрмін зьменшыўся б на паўтара-два гады«.

Пляны гэтыя існуюць вельмі даўно. Але грошы, як цяпер вядома, укладваюцца ня ў іх, а ў экалягічна небясьпечную атамную станцыю пад Астраўцом, на мяжы з Эўразьвязам. Чаму? Магчыма, таму, што і грошы, і станцыя — расейскія. А навошта Маскве будаваць за свае грошы балтыйска-чарнаморскую транспартную артэрыю ў абыход сваёй тэрыторыі?

_____________________________________________________________________________________________

Дзякуй усім, хто знайшоў час для ліста на Свабоду. З вамі быў Валянцін Жданко. Пішыце нам, адрас ранейшы: Менск−5, паштовая скрынка 111.

Праграма «Паштовая скрынка 111» выходзіць у эфір кожную суботу.

Аўтару можна пісаць на адрас zdankov_rs@tut.by