Генпракурор Аляксандар Канюк выказаўся ў Гомелі пра «мясную справу»

Гомельскі мясакамбінат

Генэральны пракурор Беларусі Аляксандар Канюк, які 16 лістапада наведаў Гомельскі мясакамбінат і меў там прыём грамадзянаў, выказаўся пра гучную справу, распачатую супраць былога кіраўніцтва прадпрыемства ў канцы 2015 году.

«Каб не дапусьціць такога ў будучыні, пракуратура мусіць дэталёва разабрацца: была гэта недапушчальная нядбайнасьць ці ўтойваньне іншага, больш сурʼёзнага злачынства», — такое выказваньне генэральнага пракурора цытуюць мясцовыя мэдыя.

Чарговая гучная справа на Гомельскім мясакамбінаце была распачата ў канцы 2015 году, калі пад варту ўзялі каля дзясятка кіраўнікоў і спэцыялістаў гэтага прадпрыемства, уключна з дырэктарам Рычардам Стафановічам. Пад крымінальны перасьлед трапілі куратар аграрнага комплексу рэгіёну, першы намесьнік старшыні Гомельскага аблвыканкаму Аляксандар Максіменка, а таксама службоўцы з Міністэрства сельскай гаспадаркі. Яны дазволілі выкарыстоўваць сапсаванае мяса на фарш ды іншыя вырабы, каб зноў накіроўваць у гандаль.

У канцы кастрычніка Сьледчы камітэт праз прэсавую службу паведаміў, што ягонае галоўнае ўпраўленьне дасьледаваньня злачынстваў у сфэры арганізаванай злачыннасьці і карупцыі ўстанавіла, што з прычыны неналежных умоў захаваньня мясной прадукцыі на гомельскім камбінаце са студзеня па сьнежань 2015 году сапсавана звыш 170 тон мяса.

Сумесна з Камітэтам дзяржаўнага кантролю зьбіраліся доказы, зробленая рэвізія фінансава-эканамічнай дзейнасьці мясакамбінату. Дапытаны сьведкі, атрыманы вынікі дзесяткаў капутарна-тэхнічных ды іншых экспэртызаў. Да матэрыялаў крымінальнай справы далучаны вынікі комплекснай вэтэрынарна-санітарнай экспэртызы.

Паведамлялася таксама, што дзеяньні асобаў, датычных да «мясной справы», кваліфікаваныя паводле розных артыкулаў Крымінальнага кодэксу пра карупцыю і супраць інтарэсаў службы.

Матэрыялы крымінальнай справы неўзабаве будуць перададзеныя ў пракуратуру дзеля накіраваньня ў суд.

У 2014 годзе на мясе пагарэлі тагачасны першы намесьнік старшыні Гомельскага аблвыканкаму, куратар мясцовага аграпрамысловага комплексу Віктар Банчук і намесьнік старшыні па ідэалёгіі Віктар Трызна. Чыноўнікі спрыялі вывазу расейскімі камэрцыйнымі структурамі мясной прадукцыі без аплаты і з Гомельскага, і з Жлобінскага й Калінкавіцкага мясакамбінатаў ды некаторых гандлёвых арганізацыяў. У выніку мясаперапрацоўчыя прадпрыемствы недалічыліся 34 мільярдаў рублёў — за гэта сёлета Магілёўскі абласны суд, які разглядаў адпаведную крымінальную справу, пакараў начальнікаў і камэрсантаў рознымі тэрмінамі зьняволеньня.

Буйныя крадзяжы і злоўжываньні выяўляліся на Гомельскім мясакамбінаце і раней. У прыватнасьці, у 2012 годзе Гомельскі абласны суд пакараў два з паловай дзясяткі кіраўнікоў, спэцыялістаў і шараговых работнікаў камбінату, а таксама трох міліцыянтаў, якія мелі дачыненьне да буйных крадзяжоў на прадпрыемстве. Працяглы час на мясакамбінаце дзейнічала арганізаваная злачынная групоўка — кралі так званыя лішкі прадукцыі на шкоду тэхналёгіі й якасьці. Мяса, каўбасы ды іншая «левая» прадукцыя выкарыстоўвалася дзеля ўласнага ўзбагачэньня і «падкормкі» патрэбных людзей ва ўладных структурах.