У сваім выступе ў Атэнах 16 лістапада, Абама падкрэсьліў, што паміж наступным амэрыканскім прэзыдэнтам і ім вялізная розьніца, але адначасна дадаў: «Амэрыканская дэмакратыя — гэта больш, чым адзін чалавек».
Абама таксама казаў пра вернасьць прынцыпам дэмакратыі ў сьвеце, у якім імклівыя зьмены, выкліканыя глябалізацыяй і рухам працоўных месцаў і людзей пакінулі пакінулі шмат каго ў многіх краінах з адчуваньнем адарванасьці ад сваіх урадаў.
«Найлепшай надзеяй для чалавечага прагрэсу застаецца адкрыты рынак», — сказаў Абама, але пры гэтым краіны павінны гарантаваць, што перавагі будуць больш шырока распаўсюджаныя сярод свайго народа.
Ён дадаў, што «ва ўсіх нашых сталіцах мы павінны зрабіць ўрад больш адкрытым і чульлівым да праблемаў грамадзян» і што «людзі павінны ведаць, што яны будуць пачутыя».
Барак Абама робіць сваё апошняе замежнае турнэ ў якасьці прэзыдэнта ЗША. Пасьля Грэцыі ён накіруецца ў Нямеччыну, дзе правядзе перамовы з канцлеркай Ангелай Мэркель. Затым прэзыдэнт Амэрыкі прыляціць у Пэру на саміт Азіяцка-Ціхаакіянскага эканамічнага супрацоўніцтва, у Вашынгтон ён вернецца 19 лістапада.
Прэзыдэнт ЗША Барак Абама заявіў, што нягледзячы на адрозьненьні паміж ім і абраным прэзыдэнтам Дональдам Трампам, ён імкнецца да плаўнага пераходу ўлады.