Прэзыдэнт ЗША Барак Абама абмеркаваў з прэм’ер-міністрам Грэцыі Алексісам Цыпрасам «важнасьць захаваньня» санкцыяў, накладзеных Эўразьвязам у дачыненьні да Расеі ў сувязі з крызісам ва Ўкраіне. Пра гэта прэзыдэнт ЗША заявіў на сумеснай прэсавай канфэрэнцыі з Цыпрасам ў Атэнах.
Паводле Абамы, бакі абмеркавалі неабходнасьць абмену выведнай інфармацыяй, што дапаможа прадухіліць тэракты, а таксама важнасьць захаваньня санкцыяў, у тым ліку і ўведзеных Эўразьвязам у дачыненьні да Расеі, пакуль РФ цалкам не выканае Менскія пагадненьні ў справе мірнага ўрэгуляваньня ва Ўкраіне.
Прэзыдэнт ЗША адзначыў, што Грэцыя павялічыла выдаткі на абарону, на што пайшлі далёка ня ўсе астатнія чальцы NATO. «Грэцыя зрабіла гэта нават у няпростыя для сваёй эканомікі часы», — падкрэсьліў Абама, заўважыўшы, што і астатнія краіны альянсу могуць гэта зрабіць.
Барак Абама заявіў, што аб’яднаная і моцная Эўропа — гэта добра для Злучаных Штатаў і NATO і проста «жыцьцёва неабходна» для амэрыканскіх інтарэсаў.
Пра гэта ён заявіў у аўторак у Атэнах, пасьля перамоваў з прэзыдэнтам Грэцыі Пракопісам Паўлёпулясам.
Падчас апошняй на пасадзе прэзыдэнта ЗША паездкі па Эўропе Абама імкнецца запэўніць эўрапейскія краіны, што Дональд Трамп, які заменіць яго ў студзені, будзе выконваць усе саюзьніцкія абавязаньні па NATO.
Падчас перадвыбарчай кампаніі Трамп казаў, што ЗША будзе гарантаваць бясьпеку хаўрусьнікаў па NATO толькі ў тым выпадку, калі і яны выканаюць свае абавязаньні адносна Амэрыкі.
Перад вылетам з Атэнаў у Бэрлін, 16 лістапада Барак Абама выступіць з прамовай аб асновах дэмакратыі і праблемах глябалізацыі.
Пасьля Нямеччыны амэрыканскі лідэр накіруецца ў Перу — для ўдзелу ў саміце Азіяцка-Ціхаакіянскага эканамічнага супрацоўніцтва (АЦЭС).