Беларусь і Турэччына здольныя падняцца на новую прыступку ў разьвіцьці стасункаў. Гэта першая заява прэзыдэнта Аляксандра Лукашэнкі на перамовах з прэзыдэнтам Турэччыны Рэджэпам Тайіпам Эрдаганам.
«Упэўнены, што ў выніку вашага візыту мы здольныя падняцца яшчэ на адну прыступку ў развіцьці нашых дачыненьняў, — перадае БелТА словы Лукашэнкі. — У нас практычна няма палітычных рознагалосьсяў».
Паводле яго, Беларусь і Турэччына маюць адзіны погляд на міжнародны парадак дня.
«Нашыя дружба і стасункі прайшлі выпрабаваньне часам. І вы можаце быць упэўненыя ў надзейнасьці нашых дачыненьняў», — сказаў Лукашэнка.
Ён выказаў падзяку Эрдагану за тое, што ў складзе турэцкай дэлегацыі ў Менск прыехалі каля 200 прадстаўнікоў і кіраўнікоў найбуйнейшых кампаній Турэччыны. Яны будуць удзельнічаць у беларуска-турэцкім бізнэс-форуме, на які зарэгістравалася таксама каля 300 беларускіх кампаній. Па словах Лукашэнкі, гэта, магчыма, самы буйны форум з гледзішча колькасьці кампаній у гісторыі незалежнай Беларусі.
«Што датычыцца нашых будучых дачыненьняў, то маецца шмат сфэраў, асабліва ў эканоміцы, каб працаваць разам, — адказаў Эрдаган. — Думаю, што за кароткі тэрмін мы зможам падняць таваразварот да 1 мільярду даляраў, і гэта не так складана».