Міжнародная рэакцыя на перамогу Трампа

Сусьветныя лідэры выказваюць гатоўнасьць супрацоўнічаць з Дональдам Трампам у вырашэньні найважнейшых міжнародных праблем.

Брытанскі прэмʼер-міністар Тэрэза Мэй заявіла аб неабходнасьці захаваць «адмысловыя, трывалыя адносіны» паміж двума краінамі.

Лідэры іншых саюзьнікаў ЗША заклікалі Трампа выконваць усе ранейшыя абавязацельствы Вашынгтона.

Канцлер Нямеччыны Ангела Мэркель, павіншаваўшы Трампа і высока ацаніўшы дасягненьні амэрыканскай дэмакратыі, адзначыла, тым ня менш, абвастрэньне ўнутрыпалітычнай канфрантацыі ў ЗША падчас выбарчай кампаніі.

Аднак некаторыя эўрапейскія лідэры ўспрынялі перамогу Трампа на выбарах як трывожны сыгнал і пачатак этапу геапалітычнай нявызначанасьці.

Так, віцэ-канцлер Нямеччыны Зігмар Габрыэль назваў Трампа «піянэрам новага міжнароднага аўтарытарысцкага і шавіністычнага руху».

Францускі прэзыдэнт Франсуа Алянд заявіў, што вынікам перамогі Трампа павінна стаць узмацненьне Францыі і ўмацаваньне абʼяднанай Эўропы.

Эўрапейскія партыі правага толку віталі перамогу Трампа, разьлічваючы на свой посьпех на маючых адбыцца ў 2017 годзе парлямэнцкіх выбарах у Нямеччыне, Францыі і Нідэрляндах.

У ходзе выбарчай кампаніі Трамп паставіў пад пытаньне асноўныя прынцыпы ваенна-палітычнага саюзу НАТА, прапанаваў Японіі і Паўднёвай Карэі стварыць уласную ядзерную зброю, каб цалкам забясьпечыць сваю абарону. Ён таксама выказаў захапленьне расейскім лідэрам Уладзімірам Пуціным. Занепакоенасьць саюзьнікаў і партнэраў ЗША выклікае і выказаны Трампам намер вывесьці краіну з глябальнага пагадненьня па клімаце, адмовіцца ад міжнароднай «ядзернай угоды» з Іранам, ад нявыгадных — на яго думку — гандлёвых дагавораў.