Такую думку выказаў журналістам павераны ў справах ЗША ў Беларусі Роберт Райлі на прыёме, арганізаваным амэрыканскай амбасадай увечары 8 лістапада з нагоды правядзеньня ў Злучаных Штатах прэзыдэнцкіх выбараў, перадае БелаПАН.
«Я, вядома, не магу прадказваць вынік выбараў, таму што яшчэ занадта рана. Але я магу сказаць, што мы ўсе хочам, каб наступіла паляпшэньне ва ўзаемадачыненьнях. Стасункі паміж ЗША і Беларусьсю не залежаць ад якога-небудзь пэўнага чалавека, кандыдата; яны залежаць ад той сумеснай працы, якую мы можам паступова ажыцьцяўляць у рамках паляпшэньня адносінаў», — падкрэсьліў дыплямат.
Клінтан ці Трамп і што ад гэтага Беларусі — менскія экспэрты пра выбары ў ЗША
Ён адзначыў, што цяперашнія выбары адрозьніваюцца ад апошніх выбарчых кампаніяў у ЗША ня толькі палярнымі пунктамі гледжаньня кандыдатаў Гілары Клінтан і Доналда Трампа ў некаторых важных пытаньнях.
«Людзі выказваюцца адкрыта і вельмі шчыра па тых пытаньнях, якія іх турбуюць. У гэтым адрозьненьні відавочныя», — дадаў Райлі.
Чаго чакаць Беларусі ад новага прэзыдэнта ЗША? Адказваюць Чыгір, Грыб, Вайтовіч і Садоўскі
Паводле дыплямата, выбары важныя для амэрыканцаў тым, што падчас выбарчай кампаніі зьяўляюцца новыя і разнастайныя погляды і ідэі.
«Выкарыстоўваючы гэты вельмі важны рынак ідэяў, якія могуць функцыянаваць толькі пры наяўнасьці свабоды слова, мы вельмі шмат даведаемся пра тое, як працягваць будаваць нашу краіну. Самае галоўнае — амэрыканцы ведаюць, што наша дэмакратыя — гэта не адзін дзень у лістападзе раз на чатыры гады, хай нават гэта і дзень выбараў. Праца ўмацаваньня дэмакратыі працягваецца кожны дзень», — сказаў павераны ў справах ЗША.
У Злучаных Штатах галасаваньне за новага прэзыдэнта. Што варта ведаць
Прэзыдэнцкія выбары ў ЗША праходзяць 8 лістапада (на раніцу 9 лістапада па менскім часе яшчэ галасуе Аляска). Асноўныя прэтэндэнты на вышэйшую пасаду — прадстаўніца дэмакратаў, экс-дзяржсакратар Гілары Клінтан і прадстаўнік рэспубліканцаў мільярдэр Доналд Трамп. Выбары ў Злучаных Штатах ня ёсьць непасрэднымі — выбарнікі галасуюць праз камісію электараў, якая складаецца зь 538 чалавек. Для перамогі кандыдату неабходна набраць 270 галасоў электараў.