Пасяджэньне адбудзецца 16 лістапада а 10.30 у судзе Маскоўскага раёну Менску. Справу будзе разглядаць судзьдзя Сьвятлана Бандарэнка, паведамляе сайт праваабарончага цэнтру «Вясна».
Жыхар пасёлка Рудзенск Уладзімер Кондрусь 1977 году нараджэньня быў узяты пад варту 14 чэрвеня ў межах папярэдняга расьсьледаваньня за яго меркаваны ўдзел у падзеях каля Дома ўраду падчас выбараў прэзыдэнта ў 2010 годзе.
Ён абвінавачваецца паводле артыкулу 293 Крымінальнага кодэксу «Масавыя беспарадкі». На час сьледзтва Кондрусь утрымліваецца ў СІЗА № 1 г. Менску.
Бацькі, сястра і адвакат Уладзімера ня могуць распавесьці СМІ падрабязнасьці справы — яны далі падпіску аб невыдаваньні.
Уладзімер амаль два месяцы адмаўляўся ад ежы, пасьля чаго стан ягонага здароўя моцна пагоршыўся: ён ня мог нават самастойна хадзіць.
Праваабарончая супольнасьць Беларусі прызнала Ўладзімера Кондруся палітычным зьняволеным.
Старшыня Цэнтарвыбаркаму Беларусі Лідзія Ярмошына летам назвала арышт Уладзімера Кондруся апраўданым.
«Мне зусім нядаўна задалі пытаньне з нагоды аднаго з тых, хто арыштаваны ў сувязі з падзеямі 2010 году. Яго выпадкова ўстанавілі. Пра гэта шмат шуміць інтэрнэт і гэтак далей. І калі я кажу: „Скажыце, калі ласка, а на тэрыторыі Эўразьвязу асобаў, якія чыняць дзеяньні, блізкія да тэрарызму, не прыцягваюць да адказнасьці?“, мне адказваюць: „Ну, гэта ж не тэрарызм“», — сказала Ярмошына.