Дракахруст: Два месяцы таму быў арыштаваны Ўладзімер Кондрусь. Ён стаў новым фігурантам крымінальнай справы аб масавых беспарадках у Менску пасьля прэзыдэнцкіх выбараў 19 сьнежня 2010 году. Стала вядома, што Кондрусь трымае галадоўку. Яго бацькі, якім упершыню за два месяцы далі спатканьне з сынам, знайшлі яго ў жахлівым стане, у пакой для спатканьняў яго ўнесьлі на насілках.
Чым выкліканы гэты арышт, што ён азначае ў палітыцы ўладаў?
Летась Лукашэнка памілаваў усіх палітвязьняў, якія былі ў Беларусі на той момант, у тым ліку і ўсіх вязьняў Плошчы. Менавіта пасьля гэтага кроку Эўразьвяз пачаў рабіць крокі ў адказ, спачатку прыпыніўшы дзеяньне санкцыяў, а потым і цалкам скасаваўшы іх. Нельга сказаць, што Эўропа дамаглася надта шмат, але вызваленьне палітвязьняў было абавязковай умовай паляпшэньня адносінаў. І варта прыгадаць, што маштабныя санкцыі былі ўведзеныя як адказ на крымінальны перасьлед удзельнікаў падзеяў 19 сьнежня 2010 году.
Пасьля леташняга вызваленьня палітвязьняў справа аб Плошчы не была спыненая, але калі адзін зь яе фігурантаў, экс-кандыдат у прэзыдэнты Алесь Міхалевіч, вярнуўся ў Беларусь з эміграцыі, яго дапыталі, але ніякіх іншых наступстваў для яго не было — ані арышту, ані нават падпіскі аб нявыезьдзе.
А Кондрусь быў арыштаваны і ўзяты пад варту. Праваабаронцы ўжо абвясьцілі яго палітвязьнем.
Зразумела, магло так быць, што праваахоўныя органы доўга шукалі і нарэшце, празь 5 з паловай гадоў, адшукалі ўдзельніка тых падзеяў, які біў шыбы ў доме ўраду.
Арышт выглядае менавіта палітычнай дэманстрацыяй.
Але ў такую працэдурную вэрсію верыцца слаба. Міхалевіча вось і шукаць не давялося, і пад варту яго не ўзялі. Аднак нават у межах працэдурнай вэрсіі калі ня самі сьледчыя, дык іх начальнікі, а тым больш начальнікі начальнікаў, не маглі не ўсьведамляць палітычнага рэзанансу, які выкліча гэта арышт. А ён выглядае менавіта палітычнай дэманстрацыяй.
Санкцыі зьнялі, збліжэньне з Захадам пачалося, калі ўсе вязьні Плошчы апынуліся на волі. І таму што ўсе вязьні Плошчы апынуліся на волі. А тут зьяўляюцца новыя палітвязьні і менавіта Плошчы.
І ў разгар парлямэнцкіх выбараў, якія абвяшчаюцца своеасаблівым пробным каменем для далейшай нармалізацыі адносінаў паміж афіцыйным Менскам і Эўразьвязам. Няма сумневу, што міжнародныя назіральнікі, апроч ўсіх іншых асаблівасьцяў кампаніі, безумоўна адзначаць, што менавіта падчас яе ў Беларусі зьявіўся вязень Плошчы. Што не паспрыяе станоўчым высновам наконт кампаніі пры самым лагодным падыходзе.
Як мне здаецца, варыянты два. Першы — беларуская ўлада, як цэлае, махнула рукой на тое збліжэньне. Ці расчараваўшыся ў пэрспэктывах, не атрымаўшы таго, чаго хацела, ці пад ціскам Масквы, ці зь нейкіх іншых прычынаў.
Ёсьць і іншае тлумачэньне, паводле якога справа Кондруся — элемэнт барацьбы розных групаў ва ўладзе як раз з нагоды палітыкі збліжэньня з Захадам. Праціўнікі гэтай палітыкі гэтай справай спрабуюць гэтую палітыку наагул спыніць, тарпэдаваць, вярнуць сытуацыю ў часы санкцыяў і канфрантацыі. У гэтым жа рэчышчы можна разглядаць і разгром НІСЭПД, які насамрэч папярэднічаў зьяўленьню на БТ вядомай стужкі.
Вялікі паварот Беларусі назад, прэч ад Эўропы ці барацьба групаў ва ўладзе наконт заходняй палітыкі Менску — якая з гэтым вэрсіяў наконт матываў справы Кондруся падаецца вам больш імавернай? Ці нейкая іншая?
Карбалевіч: Думаю, тут існуюць дзьве прычыны. Першая і галоўная — для ўладаў, асабіста для Лукашэнкі, падзеі 19 сьнежня 2010 году носяць вельмі важны, прынцыповы, знакавы, нават сакральны характар. У ягонай інтэрпрэтацыі, апазыцыя тады замахнулася на сілавы захоп улады. І гэтыя падзеі нават узрасьлі ў значэньні пасьля пераможнага кіеўскага Майдану 2014 году і пасьля паразы спробы ваеннага перавароту ў Турэччыне.
Масавыя рэпрэсіі пасьля тых падзеяў мелі той сэнс, каб даць усім будучым рэвалюцыянэрам паказальны ўрок.
Масавыя рэпрэсіі пасьля тых падзеяў мелі той сэнс, каб даць усім будучым рэвалюцыянэрам паказальны ўрок: любы, хто замахнецца на ўладу Лукашэнкі, будзе непазьбежна і няўхільна пакараны. І дарэчы, дзеяньні прэзыдэнта Турэччыны Рэджэпа Эрдагана пасьля няўдалага путчу далёка выходзяць за межы неабходнай абароны. Гэта лёгіка ўсіх аўтарытарных кіраўнікоў.
Яна грунтуецца на прынцыпе: каб выпрастаць дубец ці палку, трэба перагнуць яго ў другі бок. Таму цяпер беларускія улады зыходзяць з таго, што ніхто не забыты, нішто не забытае, што ўсе, хто ўдзельнічаў у біцьці дзьвярэй дому ўраду, павінныя быць дэманстратыўна пакараны. Таму крымінальную справу па падзеях 19 сьнежня не закрываюць. І, дарэчы, справа адносна кандыдата ў прэзыдэнты 2010 году Алеся Міхалевіча, які зьбег за мяжу, а цяпер вярнуўся, не закрытая, а толькі прыпыненая.
Другая прычына, можа, менш важная, але таксама прысутная. Не выключаю варыянт, што Лукашэнка цяпер хоча набраць новых палітзьняволеных, а потым зноў абмяняць іх вызваленьне на прызнаньне Захадам парлямэнцкіх выбараў. Таму што не да канца зразумела, навошта ўладам яўна палітычная справа Эдуарда Пальчыса (Джона Сільвэра). Калі прыняць гэтую вэрсію, то справы і Ўладзімера Кондруся і Эдуарда Пальчыса тлумачацца і добра ўпісваюцца ў яе.
Цыганкоў: Вось на гэтай вэрсіі, што беларускай уладзе неяк сумна жыць без закладнікаў, мне б хацела спыніцца. Бо калі былі палітвязьні, мы вельмі шмат абмяркоўвалі тое, што яны выкарыстоўваюцца беларускай уладай як закладнікі у далейшых перамовах з Захадам. І вось настаў пэрыяд пасьля вызваленьня Міколы Статкевіча, калі не было новых палітвязьняў. Гэта было прызнана і беларускай, і міжнароднай праваабарончай супольнасьцю.
На дадзены момант апроч Уладзімера Кондруся, якога адразу праваабаронцы прызналі палітвязьнем, таксама ёсьць Міхаіл Жамчужны. І наконт яшчэ двух асобаў пакуль няма канчатковага рашэньня з прычыны недахопу інфармацыі, але палітызаванасьць іх перасьледу не выключаецца. Гэта блогер Эдуард Пальчыс і ўдзельнік акцыі раварыстаў «Крытычная маса» Зьміцер Паліенка.
Вэрсія пра паварот улады ад дыялёгу з Захадам пакуль ня мае дастатковых фактаў, каб быць абгрунтаванай.
Вэрсія пра паварот улады ад дыялёгу з Захадам пакуль ня мае дастатковых фактаў, каб быць абгрунтаванай. Так, мы маем два апошнія яскравыя факты — справа Кондруся і справа НІСЭПД. Яны сьведчаць пра верагоднасьць другой вэрсіі, якую агучыў Юры, яна выглядае больш рэалістычнай — барацьба пэўных сілаў унутры беларускага кіраўніцтва, тых, якія выступаюць супраць паляпшэньня адносінаў з Захадам, і яны робяць нейкія крокі, на якія іншыя, больш лібэральныя і празаходнія сілы, не могуць нічога адказаць.
Яны кажуць: мы злавілі НІСЭПД на фальсыфікацыях. І тыя самыя ўмоўныя лібэралы не могуць спыніць паказ гэтага сюжэту па БТ, паколькі якія падставы? Ці больш жорсткія сілы арыштоўваюць Кондруся і кажуць: мы дзейнічаем паводле закону, ёсьць закон, мы яго караем. Калі людзі з міністэрства замежных спраў кажуць, што гэта пашкодзіць нашым адносінам з Захадам, тыя кажуць: што ж вы нам прапануеце, злачынцаў цяпер не саджаць?
Гэтыя сілы, якія процістаяць і лібэралізацыі, і паляпшэньню адносінаў з Захадам, маюць рэальныя рычагі і ў беларускай юрыдычнай сыстэме, і ў рэальнасьці. І гэтых рычагоў вельмі шмат, на іх могуць націснуць у любы момант, і іх проста немагчыма адмяніць. Не памяняўшы ўсю палітычную і юрыдычную сыстэму.
Адзінае, што можа зьмяніць сытуацыю — гэта ўмяшаньне самога Аляксандра Лукашэнкі. Але, здаецца, ён сам больш схільны пакуль прыглядацца і вырашаць, што яму больш карысна і прынясе больш палітычнай выгады.