Лукашэнка зьбіраецца зь візытам у Маскву, — расейскія СМІ

Аляксандар Лукашэнка і Ўладзімер Пуцін, архіўнае фота

Кіраўнік Беларусі Аляксандар Лукашэнка плянуе сустрэцца з прэзыдэнтам Расеі Ўладзімерам Пуціным.

Пра гэта паведамілі расейскія СМІ са спасылкай на інфармаваную крыніцу ў Маскве.

Суразмоўца журналістаў сказаў, што цяпер на парадку дня прыезд у Расею Лукашэнкі. Вядзецца «прапрацоўка» такога візыту. Але адбудзецца ён, ва ўсякім разе, не на бліжэйшым тыдні.

Раней у лютым Лукашэнка наведваў Расею і правёў нефармальную сустрэчу з Пуціным у Сочы.

Пазьней абодва кіраўнікі ўзялі ўдзел у пасяджэньні Вышэйшага дзяржсавету «саюзнай дзяржавы» ў Менску, а ў чэрвені — у Форуме рэгіёнаў.

28 кастрычніка ў Менску Аляксандар Лукашэнка сустрэўся з прэм’ер-міністрам Расеі Дзьмітрыем Мядзьведзевым, аднак на сайце расейскага ўраду ніякіх падрабязнасьцяў пра гэтую сустрэчу не пададзена.

Палітоляг Аляксандар Класкоўскі мяркуе, што Лукашэнка і Пуцін, магчыма, утрасуць у Маскве ўмовы нафтагазавага кампрамісу:

«Думаю, Лукашэнка быў бы гатовы ляцець у Маскву хоць проста з Эміратаў, дзе цяпер гасьцюе, калі б Крэмль даў дабро. Але Крэмль, мяркуючы па ўсім, вытрымлівае паўзу», піша ён на сайце БелаПАН.