Прэзыдэнт ЗША Барак Абама заявіў, што «рэспубліцы пагражае небясьпека», калі Дональд Трамп пераможа на прэзыдэнцкіх выбарах, патлумачыўшы гэта «ўнікальнай непрыдатнасьцю» нью-ёркскага будаўнічага магната да працы ў якасьці кіраўніка дзяржавы.
Абама заявіў пра гэта ў сераду на мітынгу ў падтрымку Гілары Клінтан у Чапэл-Хіл у Паўночнай Караліне — «рухомым» штаце, які абодва кандыдаты лічаць важным для сваёй перамогі ў барацьбе за Белы дом.
Па словах Абамы, на выбарах у 2008 і 2012 гадах у яго не было адчуваньня, што краіна апынецца ў небясьпецы, калі ён прайграе сваім рэспубліканскім апанэнтам.
«Я канкураваў з Джонам Макейнам. Я канкураваў зь Мітам Ромні, — нагадаў Абама. — Я лічыў, што я буду лепшым прэзыдэнтам, але я ніколі ня думаў, што рэспубліка апынецца ў небясьпецы ў выпадку іх абраньня».
Ён заклікаў жыхароў Паўночнай Караліны ня быць бесклапотнымі і не дапускаць думкі пра тое, што голас кожнага зь іх нічога ня значыць. Паводле яго словаў, калі выбарнікі вырашаць застацца дома ў дзень выбараў, гэта палегчыць працу тым, хто хоча заглушыць іх галасы.
«Не хачу ціснуць на вас, але лёс рэспублікі ляжыць на вашых плячах, — сказаў Абама. — Лёс сьвету вісіць на валаску, і вы, жыхары Паўночнай Караліны, павінны зрабіць так, каб мы зьмянілі яго ў правільным кірунку».
Прэзыдэнт выступіў з асобным зваротам да чарнаскурых выбарнікаў, якія, паводле яго словаў, «не настолькі моцна натхнёныя», паколькі ў гэтым годзе яго імені ня будзе ў бюлетэні.
«Я хачу, каб усе разумелі, што лёс усіх нашых дасягненьняў залежыць ад таго, ці перадам я эстафэтную палачку чалавеку, які верыць у тое ж, што і я», — сказаў Абама ў радыёперадачы Тома Джойнера раней у той жа дзень.
Апошнія апытаньні паказваюць, што ў Паўночнай Караліне Трамп апярэджвае Клінтан на долі працэнта.
Выступаючы на мітынгу ў Пэнсаколе, штат Флорыда, Трамп заявіў, што Абама павінен спыніць кампанію ў падтрымку «ганебнай Гілары» і вярнуцца ў Авальны кабінэт, дзе ён павінен заняцца стварэньнем працоўных месцаў і бясьпекай амэрыканскіх межаў.