Кампанія Microsoft заявіла, што хакерская група Fancy Bear, якую падазраюць ва ўзломах паштовых сэрвэраў Дэмакратычнай партыі ЗША, выкарыстала нядаўна выяўленую ўразьлівасьць у апэрацыйнай сыстэме Windows для кібэратакі. Кампанія не ўдакладняе, якія асобы і арганізацыі трапілі пад узлом.
Microsoft, адна з найбуйнейшых кампаній вытворчасьці праграмнага забесьпячэньня, паабяцала выправіць праблемы зь бясьпекай плятформы не пазьней за 8 лістапада.
Хакеры, якія называюць сябе Fancy Bear, сталі вядомыя з-за датычнасьці да ўзлому сэрвэраў Дэмакратычнай партыі ЗША, нямецкага парлямэнту і францускага тэлеканалу TV5. Група таксама рабіла атакі на пасольства дзясяткаў краінаў, міністэрства абароны Аргентыны, Турэччыны, Паўднёвай Карэі, Ўкраіны і прадстаўнікоў НАТО.
Узломшчыкаў неаднаразова абвінавачвалі ў сувязях з расейскімі ўладамі, у Крамлі гэтыя абвінавачваньні адкінулі.