Аб меркаваным «расейскім хакеры», якога затрымалі ў Празе, дагэтуль вядома няшмат. Свабодзе ўдалося высьветліць поўнае імя і некаторыя падрабязнасьці жыцьця грамадзяніна Расеі, якога ў пачатку кастрычніка затрымала чэская паліцыя паводле ініцыяванага ЗША запыту. Калі верыць фатаграфіях у інстаграме, Яўгений Нікулін жыў на шырокую нагу.
Афіцыйнай інфармацыі аб канкрэтных абвінавачаньнях у адрас Нікуліна няма. У амбасадзе Расейскай Фэдэрацыі ў Чэхіі адмовіліся ад камэнтара наконт поўнага імя затрыманага, але пацьвердзілі, што ён — грамадзянін Расеі.
Дата суду адносна экстрадыцыі пакуль невядомая, «на гэта пойдуць нават ня дні, месяцы» — сказалі ў амбасадзе. Там настойваюць на перадачы затрыманага расейскага грамадзяніна ў Расею і адпрэчваюць «навязваную Злучанымі Штатамі ўсяму сьвету практыку ажыцьцяўленьня экстэрытырыяльнай юрысдыкцыі».
Паводле заявы LinkedIn, распаўсюджанай 19 кастрычніка, затрыманы мог быць датычны да маштабнага ўзлому гэтай сацсеткі ў 2012 годзе. Афіцыйныя крыніцы ў ЗША не камэнтуюць гэтую інфармацыю.
У адрас чэскага Міністэрства юстыцыі не паступала запытаў аб экстрадыцыі, паведамілі Свабодзе.
Чэская паліцыя адмовілася даваць дадатковую інфармацыю пра затрыманага.
***
Гадзіньнік, чаравікі і аўтамабіль (Mercedes AMG GLE63 ад маскоўскага атэлье TopCar), захаваныя на паліцэйскім відэазапісе затрыманьня, аналягічныя аўто і аксэсуарам, фотаздымкамі якіх неаднаразова дзяліўся уладальнік папулярнага інстаграм-акаўнту «i.tak.soidet» (43600 падпісантаў), запоўненага здымкамі дарагіх аўто. Уладальнік акаўнту — Яўгеній Аляксандравіч Нікулін, 1987 году нараджэньня. Менавіта яго, паводле зьвестак Свабоды, затрымалі ў адным з праскіх рэстаранаў.
Затрыманьне прайшло 5 кастрычніка, аднак інфармацыя пра яго зьявілася толькі праз два тыдні. Апошні (па стане на 20 кастрычніка 2016 году) запіс абвяшчае «Вернусь скоро, шо за кипишь?» і датуецца 11 кастрычніка.
Перад ім была апублікавана фатаграфія з Чэскай Рэспублікі. Але пазьней 20 кастрычніка згаданыя запісы былі выдаленыя.
Тое, што ўладальнік эксклюзіўнага аўто і ўладальнік акаўнта i.tak.soidet — адзін і той самы чалавек, Свабодзе пацьвердзіў адзін з сяброў затрыманага. Суразмоўца Свабоды распавёў, што Яўгеній быў «геніяльны хлопец» і ведаў пра магчымасьць перасьледу.
Мяркуючы паводле інстаграму, Яўгеній жыў у Маскве і актыўна падарожнічаў: ён публікаваў фота з Санкт-Пецярбургу, Сочы, Польшчы і Беларусі. Дома ў Яўгенія — дарагія тэлевізар і стэрэасістэма. У адным з пастоў Нікулін публікуе фатаграфію спадарожніцы, аднак дакладнай інфармацыі аб сямейным статусе няма.
Але галоўную частку яго інстаграму займаюць дарагія аўтамабілі.
У інтэрвію «Авторамблеру» ў 2015 годзе Яўгеній, які прадставіўся як «вельмі заняты малады чалавек», распавёў пра свой вопыт валоданьня аўтамабілямі Lamborghini.
Адзін раз тэст-драйв Lamborghini Huracan Нікуліна правёў нават заснавальнік аўтамабільнай супольнасьці «Смотра. ру» Эрык Кітуашвілі, затрыманы ў лютым 2016 году па абвінавачаньні ў махлярстве:
Яшчэ ў аўтапарку Нікуліна, паводле яго самога — аўтамабілі Bentley Continental GT і Mercedes-Benz G-класа.
У згаданым інтэрвію «Авторамблеру» адзначаецца, што «ў сьпісе дзелавых інтарэсаў» Нікуліна — уласная будаўнічая фірма, аўтасэрвіс і бізнэс па продажы элітных гадзіньнікаў.
Незалежна пацьвердзіць гэтую інфармацыю і крыніцы паходжаньня сродкаў не ўдалося.