Давід і Мэлхола, або Каханы ўлюбёнец

Марк Шагал. Мэлхола ратуе Давіда ад Саўла

Да 500-годзьдзя беларускай Бібліі.

1. «...Як сваю душу»

Адзін Галіяф не пасьпеў палюбіць Давіда, бо атрымаў ад будучага цара камянюкай у лоб. Каб жа ж гаротнаму волату пашчасьціла выйсьці з зоны дзеяньня прашчы і наблізіцца трошачкі бліжэй! Галіяф патрапіў бы тады — як і ўсе астатнія яго сучасьнікі — пад магутныя чары Давіда. Грубы ваяка, без сумненьняў, расчуліўся б і залагаднеў у сваім сэрцы, падобна рэшце старажытнай грамады, калі б загаварыў да рудога хлопца, «які ўмее граць, чалавека адважнага і ваяўнічага, і разумнага ў словах, і віднага сабою».

На вялікі жаль, тонкаскурасьць Галіяфа праявілася крышачку зарана.
На старонках першых дзьвюх Кніг Царстваў, там, дзе зьяўляюцца разнастайныя формы дзеяслова «любіць», шукайце поруч Давіда. То той яго палюбіў, то гэтая, то гэныя... Да Давіда маюць любасьць нават тыя, хто, здаецца, паводле лёгікі яе мець не павінны. Вось цар Саўл «палюбіў Давіда», а той, дарэчы, увесь час аспрэчваў яго ўладу. Вось сын Саўла, крон-прынц Ёнатан, што «палюбіў Давіда, як сваю душу». Пад уплывам любові Ёнатан ня толькі прызнае прэтэнзіі Давіда на бацькаву спадчыну, ды яшчэ ўсяляк дапамагае сябру ўладкавацца на троне. Вось уся саюзная дзяржава, Ізраіль і Юдэя, «любілі Давіда, бо ён выходзіў і ўваходзіў», то бок, вёў публічную палітыку — хоць ён скача з трона на трон. Любоў да Давіда перасякае межы габрэйскага народу — яго «любіць усе свае дні» цірскі цар Хірам.

Зачараванасьць Давідам сягае межаў рэлігій і часу. Хрысьціяне, юдэі, мусульмане песьцяць міжсобку ўсе мажлівыя разлады, і адна зь нешматлікіх аб’яднаўчых асобаў, па якой яны маюць шырокі кансэнсус — руды цар-музыка. Мацьвей і Лукаш цягнуць радавод Хрыста ад першага чалавека, Адама, з абавязковым прыпынкам на Давідзе. У ісламскай традыцыі Давуд — прарок і праведнік. Ды што казаць — самі аўтары Бібліі, нягледзячы на амаль люстэркавыя бясчынствы і зьверствы абедзьвюх дынастыяў, у Кнігах Царстваў адкрыта займаюць бок дому Давіда, а не дому Саўла.

2. Любіла ці кахала?

У 2017 маюць выйсьці першыя кнігі Старога Запавету, упершыню перакладзеныя на беларускую мову з арыгіналу, то бок з старагабрэйскай. У працоўнай групы пад кіраўніцтвам тэоляга Ірыны Дубянецкай назапасілася процьма перакладніцкіх дылемаў. Цяжкіх месцаў, калі немагчыма перадаць гульню словаў і шматзначнасьць мовы арыгіналу інструмэнтамі сучаснай беларускай. Яскравы прыклад — Адам і Ева, якія, як вядома, былі голыя (іўр. «арумім»). Але гэты «арум» азначае яшчэ «хітры», і цяпер Зьмей, які быў, як вядома, хітрэйшы за людзей, мусіць, зрабіцца «галейшым», ці што? Такіх цяжкасьцяў у перакладзе Старога Запавету спрэс. Але ў гісторыі любові Мэлхолы і Давіда — гэта той адваротны выпадак, калі якраз беларуская мова выяўляецца багацейшая. Тут круціць перакладніцкімі глуздамі трэба ў адваротны бок — выбіраць трапнейшае ўжо з беларускай моўнай скарбніцы. Вось як перадаць іўрыцкі дзеяслоў «леагоў», раз мы маем і «кахаць» (калі гаворка ідзе пра рамантычнае пачуцьце), і «любіць» (больш агульны сэнс)?

Біблія Моргана. Ілюстрацыя да Другой Кнігі Царстваў



Зь любоўю і каханьнем у Бібліі ўсё ў парадку. З тэкстаў мы дазнаемся, што Абрагам любіць сына Ісаака, Якаў сем гадоў (і потым яшчэ сем) любіць Рахіль. Маавіцянка Рут любіць сваю габрэйскую сьвякруху Наэмінь, пэрсыдзкі цар Артаксэркс любіць царыцу Эстэр. Хіба Мэлхола — адна-адзіная жанчына ў празаічнай частцы Старога Запавету, якая любіць мужчыну.

Дык што, Мэлхола кахае ці любіць? Асьцярожныя перакладчыкі, вядома, абяруць больш агульнае «любіла». Аднак перш чым вырашыць напэўна, давайце сьпярша паслухаем усю гісторыю Мэлхолы і Давіда.

3. Мэлхола і Давід

Мэлхоле, дачцэ цара Саўла, падабаецца ягоны генэрал Давід. Яна распавядае Саўлу пра сваю сымпатыю і просіць згоды на шлюб. Саўлу гэта падабаецца. Яму якраз трэба наблізіць Давіда, але адначасна зьвязаць абавязкамі і натхніць на адчайныя подзьвігі — у краіне лютуе філістымская акупацыя. У якасьці першага такога вычыну Саўл патрабуе ад Давіда выкуп за нявесту — сто скрайніх плоцяў філістымскіх салдат (тагачасныя скальпы ворагаў, але — вельмі, вельмі своеасаблівыя!) Перавыканаўшы плян па плоцях на сто адсоткаў, Давід кідае выкуп да царскіх ног.

Далей на далей, раўнівы і падазроны Саўл, бачачы ўзвышэньне Давіла ў народзе, вырашае зяця забіць. І тут ратуе Мэлхола: невядома як даведаўшыся пра замах, яна спускае Давіда з вакна спальні. Замест мужа кладзе ў ложак статуэтку і кажа слугам, якім загадана пільнаваць яе мужа ноч перад забойствам, маўляў, Давід хворы. Калі ж на ранак разьюшаны Саўл засьпявае пусты ложак і дапытвае дачку, чаму яна выпусьціла Давіда, дык Мэлхола адважна хлусіць, маўляў, той пагражаў ёй сьмерцю.

Саўл аддае Мэлхолу іншаму мужчыну, немаладому Фалтыю, сыну Лаіша, і тая доўгія гады гібее без каханага, які цяпер у бягах. Узышоўшы на трон у суседняй Юдэі, Давід перш-найперш з усёй манархавай патрабавальнасьцю патрабуе ў дому Саўла вярнуць жонку. І толькі пасьля чатырнаццацігадовай разлукі муж з жонкай злучаюцца...

Подзьвіг дзеля пекнай дамы, рамантычныя ўцёкі праз акно, ахвярная і доўгацярплівая каханка, адданы саюз прадстаўнікоў дзьвюх варожых дынастыяў. Вось жа, старазапаветныя Рамэа і Жульета! Насуперак асьцярожнасьці перакладчыкаў, тут бадай адзінае месца ў празаічнай Бібліі, якое перакладаючы можна ўжыць наш адметны, па-шэксьпіраўску жарсны дзеяслоў:

«Убачыў Саўл і пазнаў, што Госпад з Давідам, і што Мэлхола, дачка Саўла, кахала Давіда». Аман.

Гюстаў Дарэ. Мэлхола выпускае Давіда праз вакно



3. «Як вызначыўся сёньня цар Ізраілеў!»

Апошні раз, калі мы назіраем шчасьліва ўзьяднаную пару разам — Давід пераносіць сьвятыню, каўчэг запавету, ў сталічны Ерусалім.

Апрануты ў наплечнік, такую сабе тогу — штаноў тады катэгарычна не прымалі, — Давід ідзе на чале працэсіі. Вяртаючыся дадому і да гарэму з шасьці жонак, цар дурэе, грае на ўсякіх інструмэнтах і таньчыць перад прасталюдзінамі «з усёй моцы» — ледзьве не выскоквае з наплечніка. Мэлхола, глядзячы праз вакно — зноў вакно! — на працэсію і неўтаймаваныя торганьні, «у душы зьняважыла Давіда». Зьедліва выгуквае:

«Як вызначыўся сёньня цар Ізраілеў, агаліўшыся сёньня перад вачыма рабынь рабоў сваіх, як агаляецца які-небудзь нікчэмны чалавек!» (ІІ Ц. 6:20)

Пасьля такіх словаў, якія царам можна казаць толькі ў спальні, выбухае сямейная сварка, адразу па заканчэньні якой Біблія суха паведамляе, што «ў Мэлхолы, дачкі Саўла, не было дзяцей да дня яе сьмерці».

Лютая фраза! Але думкі Мэлхолы, якія настроілі яе на сварку, таксама жорсткія. Бо цяпер, праз вакно, нібыта гледзячы на сваё жыцьцё збоку, да Мэлхолы ўрэшце даходзіць. Па-першае, яна раптам з усёй выразнасьцю дасягае розумам, што яе каханьне, колісь магутнае і трывалае, выпетрылася дашчэнту. Пабудаваны на паўторах біблейскі тэкст фактычна адсылае да іншага, ранейшага, непрыстойнага агаленьня манарха. Тады цар Саўл, пасьля ўцёкаў Давіда праз вакно, разьдзеўся і проста на вуліцы бажаволіў і гармідарыў. Тады Мэлхола адчула, што бацька зрабіўся для яе проста царом Саўлам, чужым чалавекам, які хацеў забіць яе каханка і мерыцца аддаць яе ў выгнаньне да незнаёмага мужчыны. І вось сёньня, ужо яе аголены муж, таксама ператварыўся ў проста цара Давіда, чужога чалавека, былога каханка.

Другая думка яшчэ люцейшая, страшнейшая: сваю гісторыю каханьня Мэлхола выдумала ад пачатку да канца. Яна сама зладзіла шлюб, скарыстаўшыся момантам, калі Саўлу і Давіду ён быў выгадны. Сама ратавала каханка ад бацькі, заплаціўшы за гэта ссылкай. Давід жа, які ў часы разлукі абзавёўся пяцьцю жонкамі, не чакаў яе — адно пільнаваў нагоду сьцьвердзіць сваё царскае права. А патрабуючы ў прадстаўніка дому Саўла Мэлхолу назад, ён проста хацеў паказаць, хто ў гаспадарстве гаспадар. «Аддай маю жонку Мэлхолу, з якой я заручыўся за крайнюю плоць ста філістымлян!» — гарачыўся надоечы яе каханы. А ўвушшу Мэлхолы цяпер зьвініць: «аддай!», «маё!», «я!», «я заплаціў!»

Мэлхола ўрэшце заўважае, чаго не згледзелі ані сыны Юдэі, ані сыны Ізраілю, ані замежныя сымпатыкі — Давід, гэты грамадзкі ўлюбёнец і каханак, ніколі нікога не кахаў і нават не любіў. Вось корань трагедыі. Вось сутнасьць адносін Давіда з блізкімі людзьмі. Ён умее адно прымаць любоў і песьціцца ў яе промнях. Сьлізгаць па яе паверхні, нібыта ўвішная фэлюка па абліччы Чырвонага мора, гнаная вандроўным ветрам. Гэтыя любові да мужчын і жанчын Давід, мусіць, неяк цэніць на свой капыл, цешыцца імі, але ж так, як цэняць рэчы і ўспаміны, зьвязаныя з уласнымі перамогамі. Пястун ніколі не перапускае нагоды выкарыстаць гэты ўсеагульны поцяг для сваёй карысьці.

Баляда ўвачавідкі ператвараецца ў жорсткі раманс. Па сэрцы царыцы
разьліваецца невыцерпная горыч. І як вынік: атрутная сварка і імгненны разрыў. «...О, злобная любоў любоўнай злобай!..»

Мэлхола і Давід — гэта «Рамэа і Жульета», дзе ў канцы трагедыі памірае не каханка, а яе каханьне.

Марк Шагал. Мэлхола ратуе Давіда ад Саўла