Партыя «Справядлівы сьвет» мерыцца ініцыяваць збор подпісаў пад законапраектам аб правядзеньні выбараў у Беларусі паводле прапарцыйна-мажарытарнай сыстэмы. Гэта азначае, што частка дэпутатаў будзе абірацца ў аднамандатных акругах, а частка — ад партыяў. Пра гэта заявіў намесьнік старшыні партыі Валер Ухналёў, выступаючы 29 кастрычніка з дакладам на VI пленуме цэнтральнага камітэту арганізацыі, перадае БелаПАН.
«Мы маглі б падаць на рэгістрацыю ініцыятыўную групу, можна невялікую, і ўладзе будзе цяжка яе не зарэгістраваць, — сказаў ён. — Калі не зарэгіструюць, то пакажуць усім сваё нежаданьне нават разглядаць сурʼёзныя зьмены ў выбарчай сыстэме. Калі зарэгіструюць, то дадуць нам магчымасьць выстаўляць пікеты, адкрыта працаваць зь людзьмі, пераконваць іх, што толькі зьмена дзейнай улады зможа палепшыць іх становішча».Ухналёў лічыць, што ў зборы подпісаў могуць прыняць удзел іншыя дэмакратычныя сілы Беларусі. «Сабраць 50 тысяч подпісаў, неабходных па Канстытуцыі для ўнясеньня законапраекту ў парлямэнт, — задача выканальная», — зазначыў ён.