Беларусь не пералічыла Расеі даплату за пастаўлены газ, сказаў расейскі віцэ-прэмʼер Аркадзь Дварковіч. «Яны не пералічаныя, таму што, як мы дамаўляліся, гэта павінна быць спалучана з падпісаньнем пагадненьняў па некаторых іншых тэмах. Яны пакуль не падпісаныя, таму грошы не пералічаныя. Гэта спалучаныя пытаньні проста. Заўтра старшыня ўраду Расеі будзе ў Беларусі, я думаю, там адказы будуць атрыманыя», — цытуе агенцтва РИА Новости Дварковіча.
Паводле Дварковіча, неабходныя пагадненьні зь беларускім бокам не падпісаныя, бо «яны павінны прайсьці праз працэдуру пасяджэньня ўраду». Маўляў, урэгуляваньне газавага канфлікту чакаецца падчас візыту прэмʼер-міністра РФ Дзьмітрыя Мядзьведзева ў Менск.
Беларусь недаплаціла за расейскі газ 281 мільён даляраў і павінна была разьлічыцца да 20 кастрычніка. Пасьля разьліку Расея абяцала аднавіць пастаўкі нафты Беларусі ў заплянаваным абʼёме. Раней беларускі бок адмяніў сваё рашэньне аб падвышэньні тарыфаў на транзыт расейскай нафты. 24 кастрычніка ў Адэскім порце быў разгружаны танкер з азэрбайджанскай нафтай для Беларусі.