Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Сурыкаў: на мяжы з Украінай сканцэнтравана 100-тысячная групоўка — таму што там улада няўстойлівая


Аляксандар Сурыкаў
Аляксандар Сурыкаў

Амбасадар Расеі ў Беларусі Аляксандар Сурыкаў сьцьвярджае, што фармаваньне новых падразьдзяленьняў непадалёк ад беларускай мяжы не накіравана супраць Беларусі.

«Прычым тут Беларусь? Там жа побач мяжа новай Украіны. Мы, безумоўна, у прэвэнтыўным парадку ўздоўж украінскай мяжы... Наша групоўка складае каля 100 тысяч. Таму што ўлада ня вельмі ўстойлівая ва Ўкраіне, ва ўладзе вялікая колькасьць нацыяналістычнага элемэнту, які дазваляе сабе такія выказваньні, што страшна становіцца. Таму порах трэба трымаць сухім, хоць гэта ня значыць, што будзе вайна», — заявіў Сурыкаў у інтэрвію TUT.by.

Пасол таксама заявіў, што цяпер не вядзецца перамоў аб разьмяшчэньні ў Беларусі расейскай авіябазы.

«Паміж Расеяй і Беларусьсю вайскова-тэхнічнае, абароннае супрацоўніцтва знаходзіцца на высокім узроўні. Пры ўсім пры гэтым няма дамовы аб разьмяшчэньні на тэрыторыі Беларусі расейскіх вайсковых базаў. Раз няма, то чаго яе ствараць? Камусьці, магчыма, хацелася, але дамовы няма. Таму няма і прадмета для дзеяньня. Афіцыйных перамоў пра дзеяньні весьціся ня можа», — падкрэсьліў ён.

Паводле Сурыкава, шмат хто ў Беларусі скарыстаў тэму авіябазы для асабістага піяру, хоць на самой справе база ВПС ніякага дачыненьня да сувэрэнітэту краіны ня мае:

«Некаторыя дэманстравалі жудасную прыхільнасьць да сувэрэнітэту. Але як сувэрэнітэт зьвязаны з базай? Вось Турэччына сувэрэнная дзяржава, а там існуе база ВПС ЗША».

На пытаньне tut.by пра тое, ці вядуцца цяпер перамовы аб стварэньні расейскай авіябазы на тэрыторыі Беларусі, Аляксандар Сурыкаў адказаў: «Хлусіць не хачу, але афіцыйных перамоў пра дзеяньні весьціся ня можа».

Ня трэба было сьвяціцца прэзыдэнту і ўраду

Карэспандэнтка tut.by у размове з амбасадарам Расеі ў Беларусі Аляксандрам Сурыкавым закранула таксама тэму чарговай нафтагазавай «вайны» Расеі і Беларусі:

— Ці можа Беларусь разьлічваць на зьніжэньне цэнаў на газ, як гэта адбываецца для шэрагу эўрапейскіх краін?

Сурыкаў адказаў:

«У нас у газавых справах ёсьць міжурадавае пагадненьне, якое ў тым ліку вызначае парадак фармаваньня цэнаў на газ па пэрыядах: з 2011-га па 2013-ы, з 2013-га па 2015-ы і з 2015-га і далей. Кантракт на пастаўку газу падпісваўся ў 2011 годзе. У ім запісана формула, паводле якой складаліся цэны газу, і было запісана, ужо з 2015 году яны будуць фармавацца паводле прынцыпу роўнай прыбытковасьці. Усіх задавальняла формула кантракту і формула роўнай прыбытковасьці. Напэўна, лягічна з 2015 году кантракт было б зьмяніць, але гэтага не адбылося. Што бывае, паколькі яго заключалі ня ўлады, а два гаспадарчыя аб’екты. Да 2015 году, відаць, было выгадна атрымліваць газ па простай формуле, і ў 2015 годзе часткова таксама вельмі выгадна, бо цэны на газ былі вельмі высокія, а, улічваючы мінус мытаў, цана была добрая. Нават вышэйшая, чым было вызначана ў кантракце. Але сёлета, з улікам падзеньня цэнаў на вуглевадароды (а газ адстае ад нафты ў сярэднім на 6 месяцаў у фармаваньні цэнаў), атрымалася, што роўнапрыбытковая цана аказалася ніжэйшай за кантракт. Ёсьць спрэчны момант тут? Ёсьць. Хто церпіць ад гэтага? Пэўна, «Белпалівагаз», які падпісваў кантракт, потым усе ягоныя спажыўцы. Пэўна, трэба было паглядзець ва ўсе гэтыя дакумэнты, падаць у суд ды знайсьці рашэньне пытаньня. Не выключаю, што рашэньне было б разумным і сапраўдным, як паводле міжурадавага пагадненьня. Вось гэтага не адбылося, і мы блытаем божы дар зь яечняй, дакладней, гаспадарчыя, эканамічныя пытаньні гаспадарчых аб’ектаў з палітыкай. Пачаўся рух ня ў бок вырашэньня гэтай гаспадарчай спрэчкі праз суд, а ў бок як бы палітычнага рашэньня. Гэта вельмі няправільна. У канчатковым выніку мы прыйшлі да рашэньня пытаньня, але ўжо з прыцягненьнем вышэйшых палітычных сілаў. Каму гэта патрэбна? Думаю, нікому. І самім палітычным сілам гэта не патрэбна. Для гэтага зьявіліся абмеркаваньні ў мэдыя, здаровыя і нездаровыя пункты гледжаньня, з адценьнем на палітыку. Гэта зусім ня правільныя рэчы. Яшчэ раз паўтараю, што ўсе спрэчкі, якія ўзьнікаюць (а гэта ёсьць ня толькі ў нас, але і ў іншых, у Эўразьвязе таксама ёсьць) трэба вырашаць у прававым полі. Ня трэба было сьвяціцца прэзыдэнту, ураду, што я, вось... А трэба ісьці ў суд і вырашаць пытаньні".

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG