Краіны Эўразьвязу не павінны прымаць на свой рынак электраэнэргію зь Беларускай атамнай станцыі, якая будуецца ў Астраўцы, калі ў кошце на яе ня будуць адлюстраваныя прыродаахоўныя рызыкі, мяркуе новы прэзыдэнт Эстоніі Керсьці Кальюлайд:
«З Астраўцом відавочная праблема, калі ўсе выдаткі, уключаючы выдаткі на прыродаахову і рызыкі, ня ўключаныя ў цэнавую формулу. У такім выпадку Эўропа не павінна прымаць такую электраэнэргію на свой рынак», — сказала спадарыня Кальюлайд пасьля сустрэчы з прэзыдэнтам Літвы Даляй Грыбаўскайце ў Вільні, перадае Балтыйская служба навінаў.
Эўрапейскія экспэрты па энэргетыцы ня раз заяўлялі, што электраэнэргію, якая будзе выпрацавана на БелАЭС, ня трэба прымаць на свой рынак ня толькі таму, што станцыя будуецца без выкананьня патрабаваньняў бясьпекі, але і таму, што тут ужываюцца больш нізкія патрабаваньні прыродаахоўнай і будаўнічай бясьпекі. З гэтай прычыны цэны на такіх АЭС ніжэйшыя, чым у Эўразьвязе, дзе ўжываюцца больш высокія стандарты.Літва рэгулярна крытыкуе Беларусь за невыкананьне стандартаў бясьпекі пры будаўніцтве АЭС. Менск адхіляе гэтыя прэтэнзіі як неабгрунтаваныя.