Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Дэлегацыя Эўракамісіі наведае Беларускую АЭС


19-20 верасьня ў Беларусі будзе знаходзіцца дэлегацыя Эўрапейскай камісіі, якая наведае будаўніцтва Беларускай АЭС у Астраўцы.

Пра гэта перадае БелТА са спасылкай на прэс-сакратара МЗС Беларусі Дзьмітрыя Мірончыка.

«Дэлегацыя Эўрапейскай камісіі наведае з рабочым візытам Беларусь 19-20 верасьня. Праграма візыту прадугледжвае сустрэчу з кіраўніцтвам Міністэрства замежных спраў, пройдуць перамовы ў Міністэрстве энэргетыкі, Міністэрстве па надзвычайных сытуацыях і Дзяржатамнаглядзе. Прадстаўнікі Эўракамісіі таксама наведаюць пляцоўку будаўніцтва Беларускай АЭС», — распавёў Дзьмітры Мірончык.

Асноўная тэма візыту — стрэс-тэставаньне ў выглядзе ацэнкі рызыкі і бясьпекі атамнай станцыі.

«Беларусь надае першачарговую ўвагу пытаньням ядзернай бясьпекі. Таму наша краіна максымальна выкарыстоўвае інструмэнтарый профільных міжнародных арганізацыяў», — адзначыў Мірончык.

Беларуская АЭС узводзіцца паводле расейскага праекту «ВВЭР-1200», генпадрадчык будоўлі — «Атамбудэкспарт», структура «Росатома». Станцыя мае складацца з двух энэргаблёкаў магутнасьцю 1200 МВт кожны. Пуск першага энэргаблёку плянаваўся на 2018 год, другога — да 2020-га.

У ноч на 10 ліпеня на будаўніцтве адбыўся інцыдэнт — адна з субпадрадных арганізацыяў перасоўвала корпус рэактара. У нейкі момант груз перакасіла, і ён упаў. Першы намесьнік кіраўніка «Росатома» Аляксандар Лакшын запэўніў, што ніякіх сур’ёзных пашкоджаньняў не было, «проста сьцерлася заводзкая фарба».

Аднак пад ціскам грамадзкасьці Міністэрства энэргетыкі Беларусі накіравала расейскаму боку апавяшчэньне аб рашэньні замяніць корпус рэактара БелАЭС.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG