У Беларусі знайшлі ўжо 50 тысяч дармаедаў

Міністэрства падаткаў і збораў накіравала каля 50 тысяч паведамленьняў пра неабходнасьць сплаціць падатак «на дармаедаў» у памеры 20 базавых велічыняў (360 рублёў за 2015 год), перадае БЕЛТА заяву намесьніка міністра падаткаў і збораў Сьвятланы Шаўчэнкі. Яшчэ нядаўна падаткоўцы заяўлялі, што на канец верасьня такіх паведамленьняў было 10 тысяч.

«Калі нехта мае права на льготы, але адпаведныя дакумэнты не падаў у падатковыя органы, ён можа падаць гэтыя дакумэнты, пасьля чаго будзе прынятае рашэньне, ці сплочвае грамадзянін падатак, ці не», — дадала Шаўчэнка.

Зьвесткі пра тых, хто вызваляецца ад збору, можна знайсьці на сайце міністэрства.

У дармаеды запісалі партыйнага актывіста, журналіста, праваабаронцу

Шаўчэнка заявіла, што асноўнай мэтай падатку «на дармаедаў» было «стымуляваньне працаздольнага насельніцтва да працы і папярэджаньне сацыяльнага ўтрыманства»:

«У 2015 годзе пасьля прыняцьця дэкрэту ў 1,5 раза ўзрасла колькасьць асобаў, якія сталі на ўлік у якасьці беспрацоўных, — кажа намесьніца міністра. — Таксама ўзрасла колькасьць асобаў, якія займаюцца дзейнасьцю паводле заяўнага прынцыпу, што не патрабуе рэгістрацыі ў якасьці ІП. Узрасла і колькасьць занятых у сфэры аграэкатурызму, рамесьнікаў. Акрамя таго, у ІП на 22% вырасла колькасьць найманых асобаў. Мы бачым, што стымуляваньне актыўнасьці працаздольнага насельніцтва адбылося».

«Лукашэнку давядзецца ствараць канцлягеры, каб змагацца з дармаедамі»

Шмат беларусаў выступалі супраць падатку «на дармаедаў». У адміністрацыю прэзыдэнта перадалі 10 тысяч подпісаў супраць дэкрэту аб падатку. Падатак на дармаедзтва аналітыкі Дзярждэпартамэнту ЗША ўключылі ў Справаздачу аб гандлі людзьмі. Дармаедаў могуць прыцягваць да прымусовых грамадзкіх работ ва ўмовах, блізкіх да прыгону, кажуць юрысты.