Пра гэта кіраўнік Беларусі заявіў 30 верасьня, адказваючы на пытаньні студэнтаў Пэкінскага ўнівэрсытэту.
«Я адназначна разглядаю распад Савецкага Саюзу як катастрофу, якая мела і мае нэгатыўныя наступствы ва ўсім сьвеце. Нічога добрага ад распаду мы не атрымалі», — сказаў Лукашэнка.
Ён дадаў, што ў Савецкага Саюзу з Кітаем не заўсёды былі сьветлыя і добрыя дні ў адносінах:
«Даходзіла й да вайсковых сутыкненьняў на мяжы, але калі паглядзець у гісторыю, то ў нас, савецкіх і кітайскіх людзей, заўсёды было больш добрага».
У якасьці аднаго зь яркіх прыкладаў Лукашэнка прывёў агульную перамогу над фашызмам і японскім мілітарызмам, перадае БелТА.
Што да Савецкага Саюзу, то, на думку кіраўніка Беларусі, гэтая магутная дзяржава была фактарам стрымліваньня і забесьпячэньня стабільнасьці ў сьвеце.
Лукашэнка ўпэўнены, што ў часы СССР былі б немагчымыя многія канфлікты, падобныя тым, якія маюць месца на Блізкім Усходзе або ў Афрыцы.
«Гэта балянсавала нашу плянэту. Зьнік Савецкі Саюз, і, вы бачыце, сьвет завагаўся на адной апоры. Я не асуджаю тут амэрыканцаў, але факт застаецца фактам. Апора адна — і сьвет хістаецца».