Я не хачу разважаць пра тое, дапушчальны аборт альбо не, зло гэта альбо неабходная рэальнасьць, варта іх забараняць альбо не.
Для мяне адказы відавочныя — аборт гэта сьмерць дзіцяці і трагедыя для жанчыны. Псыхалягічная, псыхічная, фізіялягічная катастрофа. І рэдка катастрофамі ці бедамі хваляцца, рэдка крычаць аб іх тыя, хто гэты жах перажыў.
Аборт гэта сьмерць дзіцяці і трагедыя для жанчыны. Псыхалягічная, псыхічная, фізіялягічная катастрофа.
Цяпер модна і нібыта прагрэсіўна казаць пра правы жанчын, якія чамусьці ўключаюць у сябе такі заганны пункт — аборт. Лепш бы такія змагары за прагрэсіўнасьць турбаваліся разьвіцьцём сацыяльнай (альбо як цяпер любяць казаць «гендэрнай» палітыкі). І скіроўвалі сваю энэргію туды: дастойны заробак, прэстыжныя працы, гарманічны ў пары дэкрэтны адпачынак. Лепш бы змагаліся за права жанчыны быць маці і прафэсіяналам, за разьвіцьцё дзіцячай інфраструктуры, рэфармацыю дашкольных дзіцячых установаў, каб жанчына магла бесьперашкодна разьвівацца ў абодва бакі як маці і як прафэсіянал, пры наяўным жаданьні.
Новаму жыцьцю трэба радавацца і ствараць такія ўмовы жыцьця для жанчыны і для дзіцяці, пры якіх дзіця ня будзе трагедыяй і цяжарам. А будзе радасьцю і дабраслаўленьнем.
Тыя жанчыны, якія ўпэўнены, што з нараджэньнем дзяцей жанчына мусіць адмовіцца ад сябе, мусяць выкінуць гэта з галавы, узяцца за паперу і асадку (альбо свой ноўтбук) і пачаць страчыць прапановы ураду па рэфармацыі дзяржаўнай сацыяльнай палітыкі.
Наста Захарэвіч піша аб тым, што старшыня Наваполацкага райвыканкаму ініцыявала акцыю «Разам у абарону жыцьця», сутнасьцю якой была часовая забарона праводзіць аборты у асобных лякарнях. І гэта выклікала ў Насты абурэньне. Абурэньне выклікала і нежаданьне мэдыкаў рабіць аборт, з чаго яна іранізуе: «Жыцьцё жанчыны — нішто, эмбрыёны — усё».
У якім утульным сьвеце поўнага задавальненьня Вы хочаце жыць!
Наста, калі Вы пішаце тэкст пра хлусьню, якая ідзе ад пралайф мэсэджа, ня варта самой займацца эмацыйнымі маніпуляцыямі. Бо прыдуманы тэзіс пра жанчыну і эмбрыёнаў якраз такі — гэтак жа, як і Вашая заява пра эмацыйны гвалт. Мяне зьдзіўляе, да якой ступені трэба гадаваць у сабе гэты культ цела, каб перадабортныя псыхалягічныя гутаркі назваць — эмацыйным гвалтам. У якім утульным сьвеце поўнага задавальненьня Вы хочаце жыць! Карыстаючыся Вашай тэрміналёгіяй скажу, што лепш перажыць гвалт эмацыйны — чым зьдзейсьніць гвалт рэальны.
Ведаю, ганаруся і люблю тых дзяўчат, што разважалі пра аборт у вельмі няпростых жыцьцёвых сытуацыях, але знайшлі ў сябе моцы, каб узяць на сябе адказнасьць за будучае немаўля.
Па-першае, не заўсёды жанчыны ідуць на аборт ад безвыходнасьці. Я ведаю прыклады, калі цудоўныя і забясьпечаныя сем’і з ужо падрослымі дзецьмі раз за разам ішлі на аборт, бо ім было так утульна, так хацелася, бо ўжо усё ўладкавалася і г. д. Ведаю, ганаруся і люблю тых дзяўчат, што разважалі пра аборт у вельмі няпростых жыцьцёвых сытуацыях, але знайшлі ў сябе моцы, каб узяць на сябе адказнасьць за будучае немаўля. І менавіта, каб убачыць гэтую няпростую сытуацыю і дапамагчы асэнсаваць яе «часовасьць» неабходныя гутаркі з псыхолягамі, сьвятарамі.
Адна мая цудоўная знаёмая некалі засталася адна. Ейны мужчына, у якога яна была закаханая, пакінуў яе і не захацеў болей знаць, калі даведаўся, што тая чакае дзіця. Кар’ера ў гэтай маладой жанчыны ішла ўверх, яна пасьпяховы і таленавіты адвакат. Яна прыгожая і маладая. Дзіця ставіць яе ў ступар. І яна вырашаецца на аборт. Яна прыходзіць на гэтую працэдуру і разважае пра сваё далейшае жыцьцё, якое будзе ісьці так, як ішло дагэтуль.
Ня ведаю, што яна адчувала ў той момант, у тым кабінэце, ня ведаю, што менавіта яе прымусіла сысьці, але яна сышла. Яна проста бегла адтуль і да сёньняшняга дня, гледзячы ў вочы сваёй дачцэ, баіцца распавесьці ёй пра ўсе тыя ранейшыя страхі. Прайшло 5 гадоў. Гэтая маладая дзяўчына зноў пасьпяховы адвакат, адкрыла сваё бюро, выйшла замуж за іншага мужчыну, плянуюць другое дзіця.
Усё гэта сьведчаньне для таго, каб зразумець, што часам самыя, здавалася б, агромністыя праблемы — нішто. Яны часовыя, летуценныя, яны зьнікнуць, ледзь-ледзь пакідаючы ўспамін. А побач з табою будзе альбо тваё дзіця, альбо вельмі балючы шрам, каторы будзе даваць горкі ўспамін і пачуцьцё нявыкананага пакліканьня з вечным пытаньнем: «А калі б..?»
Таму ўсе гэтыя «тыдні адмовы» — кропля ў моры неабходных дзеяньняў па прадухіленьні абортаў. І гэта добрая кропля. Тая жанчына, што прыйдзе на аборт у гэты дзень, калі яе адашлюць назад, альбо падзякуе Богу за гэты знак, альбо проста прыйдзе праз тыдзень, і ніякай большай шкоды для ейнага цела ня будзе.
Я за тое, каб жанчыны нараджалі нават нежаданых дзяцей і пакідалі іх дзяржаве.
Я за тое, каб жанчыны нараджалі нават нежаданых дзяцей і пакідалі іх дзяржаве. Я за пасьляродавую псыхалягічную дапамогу па прадухіленьні пасьляродавых дэпрэсіяў. Ня трэба падчас цяжарнасьці абіваць такую колькасьць парогаў лекараў і лябарантаў — лепш палову гэтага дзяржаўнага бюджэту накіраваць на клопат аб жанчыне ў пасляродавы перыяд. Я за тое, каб ствараліся бэйбі-боксы пры Цэрквах і Касцёлах, каб мы не знаходзілі немаўлят у сьмецьцевых кантэйнэрах. Пры ўсіх гэтых варыянтах у жанчыны заўсёды ёсьць магчымасьць «адматаць назад». Пры аборце — функцыі «назад» няма, і няма права на памылку.
Меркаваньні, выказаныя ў блогах, перадаюць погляды саміх аўтараў і не абавязкова адлюстроўваюць пазыцыю рэдакцыі.