Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Аборты, тэлегонія і зручная хлусьня


Наста Захарэвіч
Наста Захарэвіч

Падман, як вядома, бывае сьвядомы і несьвядомы. Калі пяцігадовае дзяўчо кажа аднагодцы, што Сонца круціцца вакол Зямлі, то гэта, хутчэй за ўсё, падман несьвядомы і, што больш важна, бяскрыўдны. Дзяўчынцы варта проста патлумачыць, што такое Сонечная сыстэма і распавесьці ў двух словах, што, чаму і вакол чаго круціцца. А вось калі кандыдат сацыялягічных навук сьцьвярджае, што жаночая сьмяротнасьць ад абортаў знаходзіцца на высокім узроўні ва ўсім сьвеце, то гэта ня проста падман, а брудная маніпуляцыя.

Свабодная інтэрпрэтацыя статыстычных дадзеных — велізарнае поле для махінацый. Ці шмат жанчын у сьвеце памірае ад абортаў? Шмат. Ці шмат жанчын у сьвеце памірае ад абортаў, праведзеных у адпаведных умовах і з дапамогай сучасных дасягненьняў мэдычнай навукі? Нашмат, нашмат менш. Але значна прасьцей сабраць усе дадзеныя па жаночай постабортнай сьмяротнасьці, адмовіцца нават ад базавай структурызацыі паводле прычын і ўмоваў і заклікаць да таго, каб натуральнае права жанчыны на распараджэньне ўласным целам прызнавалася ледзьве не крымінальным злачынствам.

Эмацыйны гвалт квітнее на ўсіх узроўнях сыстэмы аховы здароўя і дзяржаўнай улады ўвогуле.

І пакуль навукова-тэхнічны прагрэс ідзе настолькі хутка, што сачыць за ўсімі дасягненьнямі ў фундамэнтальнай навуцы і практычных дасьледаваньнях становіцца фізычна немагчыма, поўная антынавуковасьць, якая часам мяжуе з псыхапаталёгіяй, выкарыстоўваецца для кантролю беларускіх жанчын. Калі зь фізычным кантролем усё ня так проста, то эмацыйны гвалт квітнее на ўсіх узроўнях сыстэмы аховы здароўя і дзяржаўнай улады ўвогуле.

Некалькі гадоў таму былая старшыня Наваполацкага райвыканкаму, якая пазьней была віцэ-прэм’еркай Беларусі, ініцыявала акцыю «Разам у абарону жыцьця», сутнасьцю якой была часовая забарона праводзіць аборты у асобных лякарнях. Цэлы тыдзень тая ці іншая мэдычная ўстанова адмаўляецца рабіць працэдуру па перарываньні цяжарнасьці. Гэта ж відавочна — як толькі ўнутры жанчыны пачынае разьвівацца эмбрыён, яна губляе любыя правы на сваё цела, і ўсім навакольным лепей ведаць, што ёй можна рабіць, а што нельга.

Жыцьцё жанчыны — нішто, эмбрыёны — усё!

Мэдыкаў, якія падтрымліваюць такога кшталту праекты, не засмучае той факт, што чым раней цяжарнасьць перарвецца, тым менш імавернымі будуць нэгатыўныя наступствы для здароўя жанчыны. Жыцьцё жанчыны — нішто, эмбрыёны — усё!

Акрамя звычайных лягічных памылак, якія робяць прадстаўнікі ўлады, разважаючы пра кантроль над жанчынамі, можна заўважыць і спробы заяваў пра спазнаньне Божых задумаў. Аляксандр Лукашэнка неяк заявіў, нібыта «тое, што Госпад перадвызначыў жанчыне быць маці, не аспрэчваецца». Безумоўна, дзіўна было б чакаць глыбокай рэфлексіі на такія тэмы ад чалавека, які ідэнтыфікуе сябе як праваслаўнага атэіста, але з упэўненасьцю заяўляць пра дакладнае веданьне Божых плянаў — дакладна надта вялікая самаўпэўненасьць.

Навошта кіравацца навуковымі дасьледаваньнямі, статыстычнымі дадзенымі і элемэнтарнай гуманнасьцю, калі можна працягваць любіць тэорыі змовы, верыць у тое, што зацяжараць у пэрыяд ляктацыі немагчыма, што першы сэксуальны партнэр робіць генэтычны ўнёсак у будучых дзяцей гэтай жанчыны, што існуюць абавязкі жаночыя і мужчынскія, што аборт безумоўна шкодзіць здароўю, а 9-месячная цяжарнасьць і роды амалоджваюць арганізм. Гэта ж значна весялей.

Яшчэ 6 гадоў таму ў Берасьцейскай радзільні ляжалі буклеты аб тым, што зацяжараць у пэрыяд ляктацыі нібыта нельга.

Пра тэлегонію (тэорыю аб уплыве папярэдніх партнэраў, і асабліва першага, на будучых дзяцей жанчыны), як і пра памяць вады даўно ўжо не было чуваць. Людзі перасталі масава зараджаць ваду «пазытыўнай энэргетыкай» праз экраны тэлевізараў і цяпер збольшага пасьмейваюцца зь сябе былых. Але яшчэ 6 гадоў таму ў Берасьцейскай радзільні ляжалі буклеты аб тым, што зацяжараць у пэрыяд ляктацыі нібыта нельга. Магчыма, дарэчы, ляжаць і дагэтуль.

Два гады таму загадчыца аддзяленьня гінэкалёгіі 33-й студэнцкай паліклінікі Менска параіла мне гамеапатычны сродак у адказ на скаргі на нестабільны мэнструальны цыкль і беспрычыннае павелічэньне масы цела. Яшчэ праз некалькі месяцаў доктарка, якая працуе ў «Ладэ» ў Берасці, сказала «Народзіш — пройдзе». Навошта распрацоўваліся пратаколы мэдычных абсьледаваньняў і схемы лекаваньня розных хваробаў, калі можна любую праблему жаночага арганізму сьпісаць альбо на занадта актыўнае, альбо на занадта пасіўнае сэксуальнае жыцьцё? І параіць нарадзіць, куды ж без гэтага.

Мае прэтэнзіі не да навуковага прагрэсу, а да поўнага яго ігнараваньня ў «зручныя моманты».

Мае прэтэнзіі не да навуковага прагрэсу, а да поўнага яго ігнараваньня ў «зручныя моманты». І да той неверагоднай хлусьні, цана якой — здароўе ці нават жыцьцё. Тое, што сёньня завецца перадабортным кансультаваньнем — ёсьць па сутнасьці эмацыйны гвалт. Каб зрабіць узважаны выбар, трэба ведаць як мага больш пра магчымыя наступствы ўсіх магчымых варыянтаў дзеяньняў. Так што побач з антыабортнымі плякатамі ў жаночых кансультацыях павінны зьявіцца плякаты пра магчымыя наступствы родаў — гемарой, разрывы, выдаленьне органаў, пераліваньне крыві, сьмерць. Так, і нават сьмерць.

Меркаваньні, выказаныя ў блогах, перадаюць погляды саміх аўтараў і не абавязкова адлюстроўваюць пазыцыю рэдакцыі.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG