«Нахабства камісіяў ня мае межаў», — у Бялыніцкім раёне вяскоўцы абураныя, што за іх прагаласавалі

Ілюстрацыйнае фота

Шклоўская акруговая камісія ня ўгледзела парушэньняў у дзеяньнях участковай камісіі зь вёскі Цяхцін, што ў Бялыніцкім раёне. Двое вяскоўцаў вінавацяць чальцоў камісіі, што тыя прагаласавалі за іх.

Пра парушэньне сваіх правоў выбарцы паведамілі аднаму з прэтэндэнтаў на дэпутацтва ў Палаце прадстаўнікоў Рыгору Кастусёву. Той паскардзіўся ў акруговую камісію і запатрабаваў, каб вынікі выбараў па акрузе былі прызнаныя несапраўднымі.

«Фактаў галасаваньня чальцамі выбарчых камісіяў замест выбарцаў за пэрыяд з 6 па 11 верасьня ўключна не было ўстаноўлена», — адпісалі намесьніку старшыні партыі БНФ Рыгору Кастусёву з акруговай камісіі.

Тым часам вяскоўцы настойваюць: за іх прагаласавалі.

«У нас тут гэта не адзінкавы такі выпадак», — кажа Алег Лістападаў зь Цяхціна.

«Людзі ішлі галасаваць групамі, а ім казалі, што яны ўжо прагаласавалі. Яны і назад пайшлі, — кажа ён. — Людзі баяцца пра гэта казаць. Вы ж разумееце, адміністрацыйны ціск. У кожнага праца. Людзям ня хочацца праблемаў».

«Выснову я ўжо даўно зрабіў: улады што хочуць, тое і робяць. У камісіях ведаюць, што за такія парушэньні ім нічога ня будзе, бо за імі стаіць улада. Яно наперад было зразумела, хто стане дэпутатам. Нават калі нешта пойдзе ня так, то зробяць усё роўна як трэба. Колькі трэба працэнтаў, столькі і зробяць. Ад людзей гэта асабліва не залежыць. Чалавек, выходзіць цяпер, ня мае права сказаць праўды. Калі сказаў нешта, то для ўлады ён ужо не даспадобы. І ніхто не заступіцца за гэты беларускі народ», — заключае Алег Лістападаў.

Акруговая камісія спаслалася на тлумачэньні старшыні камісіі ўчастку для галасаваньня № 17, прадстаўніка раённай арганізацыі БРСМ Аляксандра Мамчанкі. Паводле яго, Алег Лістападаў і Міхаіл Царанок выказалі жаданьне прагаласаваць па месцы жыхарства, але прыйшлі на ўчастак самі.

«Камісія пасьля выясьненьня факту, што гэтыя грамадзяне на той час яшчэ не прагаласавалі, уключыла іх у дадатковы сьпіс выбарцаў і дала магчымасьць прагаласаваць. Пра гэта сьведчаць іх асабістыя подпісы ў сьпісе выбарцаў», — адпісалі Кастусёву з Шклоўскай акруговай камісіі.

Тым ня менш партыец не сумняваецца ў праўдзівасьці слоў вяскоўцаў. Паводле яго, парушэньне, выкрытае імі, — звыклая практыка чальцоў участковых камісіяў, якія выяжджаюць у вёскі, дзе няма ўчасткаў для галасаваньня.

«Нахабства камісіяў ня мае межаў», — камэнтуе ліст з акруговай камісіі Рыгор Кастусёў.

Рыгор Кастусёў

Людзі выкрываюць злоўжываньні, хлусьню, называюць факты, а ім кажуць: «Не, хлопцы, памыляецеся, вы ўжо былі прагаласавалі. Вы ж самі прасілі прагаласаваць па месцы жыхарства».

«Я памятаю пасяджэньне акруговай камісіі, на якім адбывалася рэгістрацыя кандыдатаў, то яе старшыня дакладваў, што подпісы ў падпісных лістах за вылучэньне ў кандыдаты спраўдзілі спэцыялісты-почырказнаўцы, — працягвае партыец. — Дык на той момант у дзяржавы знайшліся сродкі спраўдзіць, чые гэта былі подпісы. Тысячы людзей правяралі. А цяпер па скарзе людзей, што іхныя подпісы падрабілі, у дзяржавы сродкаў і жаданьня не знайшлося. Адназначна ліст з акруговай камісіі — лухта. Што рабіць далей з гэтай лухтой, пакуль ня ведаю, бо ўся дакумэнтацыя па выбарах будзе неўзабаве зьнішчана. Але рэагаваць абавязкова трэба».

Па Шклоўскай выбарчай акрузе, акрамя Кастусёва, балятаваліся памочнік прэзыдэнта, інспэктар па Берасьцейскай вобласьці Дзьмітры Гобараў, дырэктарка бялыніцкай школы Тацяна Балдышэўская ды сябра Лібэральна-дэмакратычнай партыі з Магілёва Сяргей Сяўко. Перамог, паводле зьвестак Цэнтравыбаркаму, Дзьмітры Гобараў.