«Мне мае сілы даражэйшыя», — чаму ня ўсе апазыцыянэры абскарджваюць вынікі выбараў

Дзясяткі апазыцыйных кандыдатаў у дэпутаты абскарджваюць вынікі выбараў у Палату прадстаўнікоў, хоць і ня вераць, што іхнія скаргі будуць задаволеныя. Але ёсьць і такія, хто ня бачыць у гэтым сэнсу.

Даказаць, што гэта фальшывыя выбары, вельмі важна

Сябра Аб’яднанай грамадзянскай партыі, рэжысэр Юры Хашчавацкі, які балятаваўся па Сьвіслацкай акрузе, не разьлічвае, што ягоную скаргу задаволяць. Але ён упэўнены, што пісаць скаргі трэба, каб атрымаць яшчэ адно сьведчаньне таго, што выбараў у краіне няма.

«Я думаю, ва ўсіх інстанцыях адкажуць, што ўсё было на выбарах правільна і справядліва. Тут, канечне, нічога ня будзе, але тут і быць нічога не магло. Але даказаць, што гэта фальшывыя выбары і гэта фальшывы парлямэнт, — гэта вельмі важна для нас», — сказаў ён Свабодзе.

Вынікі выбараў павінны быць адменены і прызначаны новыя

Сяргей Калякін, які балятаваўся па выбарчай акрузе № 25 у Воршы, лічыць, што абскарджваць сфальсыфікаваныя выбары — гэта ягоны абавязак як законапаслухмянага грамадзяніна.

«Калі ў Беларусі хаця б трохі будзе выконвацца закон і Канстытуцыя, то па маёй акрузе, як і па шмат якіх іншых, вынікі выбараў павінны быць адменены і прызначаны новыя выбары. Як гэта будзе насамрэч — паглядзім. Ёсьць некалькі інстанцыяў, якія могуць разглядаць скаргі: калі мяне не задаволіць першая, буду падаваць у другую, і г.д. Ёсьць усе законныя падставы, каб выбары былі прызнаныя несапраўднымі. Таму я зыходжу з таго, што ў нас павінны выконвацца законы. Калі не — значыць, у нас не прававая дзяржава», — сказаў Сяргей Калякін у размове са Свабодай.

Скаргі разьбіраюць за пяць хвілін

Галасаваньне на ўчастку №6 Гомельскай-Цэнтральнай выбарчай акругі. Гомель, 11 верасьня 2016 году


Але ня ўсе апазыцыйныя кандыдаты ў дэпутаты бачаць сэнс у тым, каб пісаць скаргі.

Адзін зь лідэраў кампаніі «Гавары праўду» Андрэй Дзьмітрыеў, які балятаваўся кандыдатам у дэпутаты па Дзяржынскай выбарчай акрузе, сказаў Свабодзе, што абскарджваць вынікі выбараў ня будзе, бо лічыць гэта марнаваньнем часу.

«Я бачу, як цяпер гэтыя скаргі разьбіраюць з хуткасьцю пяць хвілін. Спыняцца на гэтым я ня бачу сэнсу, мне мае сілы даражэйшыя. Гэтыя лічбы для мяне нічога не вырашаюць. Я бачу, што правёў добрую кампанію, я сёньня праяжджаю Фаніпаль, Дзяржынск, Узду — і людзі са мной вітаюцца. Таму я буду ісьці далей, рыхтавацца да выбараў у мясцовыя саветы, а праз чатыры гады — у парлямэнт. А на гэтым этапе я ведаю, што на маёй акрузе выбары адбыліся гэтаксама, як і на астатніх, дзе за кошт датэрміновага галасаваньня выцягнулі ў дэпутаты Палаты прадстаўнікоў чалавека з партыі чыноўнікаў», — кажа палітык.

Дзьмітрыеў не выключае, што іншыя кандыдаты ад кампаніі «Гавары праўду» пададуць свае скаргі. Але па акрузе, дзе паводле афіцыйных дадзеных перамагла сябра АГП Ганна Канапацкая, вынікі выбараў абскарджвацца ўсё ж такі ня будуць.

Калі ў вас скралі кашалёк, вы ж не ідзяце да злодзея са скаргай

Падлік галасоў на выбарчым участку № 347 у Менску, дзе назіральнікам быў Алесь Лагвінец

Ня стаў падаваць скаргу на вынікі выбараў і сябра Партыі БНФ Ільля Дабратвор, які балятаваўся па Сеньніцкай выбарчай акрузе.

«Я ня стаў падаваць скаргу, бо лічу, што калі ў вас скралі кашалёк, вы ж не ідзяце да злодзея са скаргай, каб ён гэта прызнаў і вярнуў кашалёк», — сказаў ён учора на прэс-канфэрэнцыі ў Менску.

У Менску вынікі выбараў абскарджваюць Уладзімер Навасяд, актывіст БХД Вольга Кавалькова, старшыня Таварыства беларускай мовы Алег Трусаў, першы намесьнік старшыні руху «За свабоду» Юрась Губарэвіч і старшыня Партыі БНФ Аляксей Янукевіч. Падстава — карусэлі, завышэньне яўкі, непразрыстасьць падліку галасоў і г.д.

У Гародні вынікі выбараў абскарджваюць сябра Партыі БНФ Вадзім Саранчукоў і актывіст аргкамітэту па стварэньні партыі «Беларуская хрысьціянская дэмакратыя» Мікалай Баўсюк.

У Віцебску вынікі выбараў патрабуе адмяніць сябра БХД Тацяна Севярынец — яна заяўляе пра масавыя ўкіды бюлетэняў і беспадстаўнае выдаленьне назіральнікаў з выбарчых участкаў.

У Берасьці вынікі выбараў абскарджваюць сябры Беларускай сацыял-дэмакратычнай партыі (Грамада) Ганна Канюс і Ігар Маслоўскі на падставе завышэньня яўкі выбарчымі камісіямі і непразрыстага падліку галасоў.

У Магілёве патрабуюць прызнаць вынікі выбараў несапраўднымі сябра БХД Алег Аксёнаў, сябра Партыі БНФ Зьміцер Салаўёў і сябра БСДП (Г) Натальля Шкадун.

У Пухавіцкім раёне Менскай вобласьці абскарджвае вынікі выбараў сябра Партыі БНФ Натальля Ільініч.