У чарзе ў супэрмаркеце кабетка ззаду нэрвавала мяне тым, што даймала сваю пяцігадовую ўнучку. «Стой роўна! Як ты стаіш? Дзе ты стаіш? Ці ты ня бачыш, дзе чарга?! Стань роўненька за цёцяй!». Хацела азірнуцца і спытацца: «Чаму? Чаму яна павінна абавязкова стаяць роўненька за мной?». Але я маўчала. Тая ж «строіла» малую. «Прыгожыя цукеркі, але яны шкодныя, я табе купіла сырок, сырок карысны. Стань роўна, не круціся, не шавяліся! Не чапай, не пытайся!».
Пасьля касы я шмыганула ў кавярню, у той жа краме. Для разьліку з прадаўцом за каву велікадушна вываліла перад ёй жменю капеек, маўляў, самі выбірайце, колькі вам захочацца. Тая корпалася ў маёй далоні, як ззаду нехта гыркнуў: «А хіба вы да гэтага часу не навучыліся капейкі лічыць?» — так пытаўся ў мяне ахоўнік. Я патлумачыла, што мне такія веды «ні к чаму», для таго ёсьць прадаўцы, а я не па той тэме. Ён абурыўся: «Дык капейка ж рубель беражэ! А калі прадавец вас падмане? — От там яна мяне падмане на адну капейку, дык невялікае мне гора, як і ёй — прыбытак». Вось чаму ён палічыў патрэбным вучыць мяне таму, як абыходзіцца з тымі капейкамі?
Ходнікі зноў рамантавалі — зьдзіралі старую плітку, клалі новую. Гэта такая забава. Кажуць, выдатны спосаб «адмываць грошы».
І пайшла з супэрмаркету, адганяючы «чаму-таму». Ходнікі зноў рамантавалі — зьдзіралі старую плітку, клалі новую. Гэта такая забава. Кажуць, выдатны спосаб «адмываць грошы». Я пабразгала ў кішэні некалькімі капейкамі, ды іду — паўз самую сьцяну, бо па ходніках грукатаў трактар, цягаў плітку. І тут на мяне наскочыла нейкая пэнсіянэрка, з крыкам-плякатам, крыкам-загадам: «Справа ходзяць!». Што справа? Куды ходзяць? «Па ходніках — справа ходзяць!» — лямантавала яна, злосна скасавурыўшыся на мяне. Дык як я пайду справа, калі там трактар? Але тая ўжо мільганула гіпюравым хвастом спадніцы, і недзе паімчалася.
Я прайшла квартал, і другі, пакутліва разважаючы: справа? Ці зьлева? Як мне ісьці, каб выконваць усе законы, правілы, рэглямэнт і санітарна-гігіенічныя нормы? Кінуцца пад трактар і ганебна загінуць, ці ісьці зьлева — і зрабіцца суб’ектам выхаваньня пэнсіянэрак?
Прайшла два ці тры кварталы. На пераходзе гарэла чырвонае сьвятло. Але дарога была зачыненая для руху аўтамабіляў, стаялі адпаведныя знакі, нацягнутыя стужкі, і нават часовы плот усталяваны. Таму (таму!) я вырашыла ісьці спакойна на чырвонае сьвятло. І тут ззаду — лямант: «Куды, куды ты пайшла на чырвонае?! Стой!». Азірнулася — той жа ахоўнік з супэрмаркету, што так дбаў пра мае «капейкі, якія рубель берагуць». «Вы што — перасьледуеце мяне? Іду, бо тут жа плот, і рух забаронены!» — патлумачыла. Але ён нэрваваўся: «І ўсё адно — нельга, нельга ісьці на чырвонае! І я не перасьледую, я дахаты іду, абедаць!» — і для доказу пачаў калашмаціць за хвост пачак сьмятаны. Але я пайшла. «От жа ж што ты робіш!» — неслася мне ўсьлед.
Анёлы, кажуць, прыгожыя, малыя, худыя, празрыстыя такія, кучаравыя. А гэты — лысы і з чорнымі вусамі!
Ахоўнік, які прыкінуўся анёлам-ахоўнікам і спрабаваў зьберагчы мяне там, дзе мне нічога не пагражала. Анёлы, кажуць, прыгожыя, малыя, худыя, празрыстыя такія, кучаравыя. А гэты — лысы і з чорнымі вусамі! Які ты анёл? Ты ахоўнік, прычым не людзей, а чалавечага корму ў супэрмаркеце, дык ідзі і беражы селядцы, курэй і грэчку, а не мяне.
У тралейбусе чужая пэнсіянэрка павучала чужога трохгадовага малога: «Не круці талёнчык, ня мні яго, ты яго парвеш, і кантралёр будзе сварыцца, а потым прыйдзе міліцыянэр, і забярэ цябе ў аддзел!». Маці малога ліхаманкава выхапіла ў яго той талёнчык. А раптам пакамячыць? На вакзале ўвесь час нябачная кабетка крычала са ўсіх дынамікаў: «Не пераходзьце пуці, ня стойце, не паліце, ня піце, не званіце, не давярайце, захоўвайце маёмасную бясьпеку!».
Адзін хлопчык бегаў, як ты, дык я яго пасадзіла ў торбу!
У цягніку іншая кабета сварылася на малую, якая бегала, і пагражала ёй страшным голасам, што «О так адзін хлопчык бегаў, як ты, дык я яго пасадзіла ў торбу, і зараз там сядзіць, другі дзень!» — яна пераможна дэманстравала сваю вялізарную торбу ў клетачку, і ў малой акругляліся вочы, і астатнюю дарогу яна моўчкі сядзела, з жахам пазіраючы на «турму» невядомага хлопчыка.
...Канечне, што ж гэта было б, гвалт, калі б усе пачалі: хадзіць на чырвонае сьвятло, бегаць па цягніку, круціць у руках талёнчыкі, не лічыць капейкі, і хадзіць па газонах, і давяраць незнаёмым, і «расьпіваць з імі сьпіртныя напоі», і пакідаць ім свае рэчы, і не захоўваць "маёмасную бясьпеку«... Толькі «ўсе» ніколі не пачнуць — іншыя «ўсе» ім не дазволяць.
Меркаваньні, выказаныя ў блогах, перадаюць погляды саміх аўтараў і не абавязкова адлюстроўваюць пазыцыю рэдакцыі.