Неафіцыйнай інфармацыяй са Свабодай падзяліўся кандыдат па Сьвіслацкай акрузе ў Менску Ўладзімер Навасяд:
«У мяне ёсьць неафіцыйныя дадзеныя. Гэта тое, што сабралі мае назіральнікі на розных участках. Атрымліваецца, што ў акрузе перамог амбасадар Беларусі ў Аўстрыі спадар Варанецкі. На другім месцы — першы намесьнік старшыні Лібэральна-дэмакратычнай партыі Алег Гайдукевіч. У мяне — трэцяе месца.
Мы зараз рыхтуем скаргі. Дзіўная сытуацыя. Назіральнікі адсочвалі на адным участку і датэрміновае, і асноўнае галасаваньне. І нібыта ўсё больш-менш супадала з афіцыйнымі дадзенымі. А цяпер невядома адкуль зьявіліся 500 бюлетэняў. І амаль усе прагаласавалі за Варанецкага.
Але нават ня ў гэтым справа. Мы ўважліва адсочвалі колькасьць выбарнікаў, якія прыйшлі на ўчасткі. Налічылі толькі 35%. А каб выбары адбыліся, патрэбна яўка паловы выбарнікаў плюс яшчэ аднаго. Так што, мы лічым, у нашай акрузе выбары не адбыліся. Значыць, і дэпутата няма».
Паводле афіцыйных зьвестак яўка ў гэтай акрузе склала 60 працэнтаў.