Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Навасяд: Ужо ў першы дзень галасаваньня сустрэлі знаёмых «карусэльшчыкаў»


Ілюстрацыйнае фота
Ілюстрацыйнае фота

Дэпутат Вярхоўнага савету Беларусі 13 скліканьня і Палаты прадстаўнікоў 2 скліканьня Ўладзімер Навасяд сёлета балятуецца ў Палату прадстаўнікоў па Сьвіслацкай акрузе № 94 у Менску. Ён распавёў Свабодзе, што фальшаваньні ў акрузе пачаліся зь першага дня датэрміновага галасаваньня:

«Надзіва незвычайныя лічбы. Там, дзе прысутнічаюць нашы назіральнікі, лічбы тых, хто прагаласаваў, нашмат меншыя параўнальна з тымі ўчасткамі, дзе назіральнікаў няма. Вось канкрэтныя лічбы. Участак № 112 — датэрмінова прагаласавалі 17 чалавек. У будынку гэтай жа школы знаходзіцца і ўчастак № 113. Там у нас назіральнікаў няма. А прагаласавалі там, нібыта, 153 чалавекі.

Старшыня нашай акруговай камісіі — дырэктарка іншай школы. Там у нас не атрымалася з назіраньнем. Паводле афіцыйных дадзеных, бюлетэні там на двух участках атрымалі адпаведна 257 і 222 выбарнікі.

Уладзімер Навасяд
Уладзімер Навасяд

А цяпер параўнайце гэтыя вынікі зь яўкай на ўчасткі, якія кантралююць назіральнікі: участак № 107 — 27 чалавек, участак № 108 — 26... Там, дзе працуюць назіральнікі, няма ніводнага ўчастку, на якім зьявілася б болей за 60 выбарнікаў.

І яшчэ — мы сустрэлі знаёмых зь мінулых парлямэнцкіх выбараў, якія праводзіліся ў 2012 годзе. Тыя ж самыя прыходзяць пары — мужчына і жанчына. Яны ходзяць з участку на ўчастак. І на кожным атрымліваюць бюлетэні і галасуюць. Мы тады першымі ў Беларусі зафіксавалі „карусэль“. І выклалі ў сеціва відэа, дзе гэтыя мужчына і жанчына зьбягаюць. Мы іх запомнілі, і яны — нас. Таму заўважылі, што яны найперш ідуць на ўчасткі, дзе няма назіральнікаў. Аднекуль жа яны маюць такую інфармацыю?

З усяго гэтага я раблю выснову — сябры ўчастковых і акруговай камісіяў не пачулі заклікаў кіраўніка дзяржавы, што ня трэба гнаць людзей на датэрміновае галасаваньне».

Уладзімер Навасяд балятаваўся ў гэтай жа акрузе ў 2008 годзе, і тады прайграў цяперашняму старшыні Белтэлерадыёкампаніі Генадзю Давыдзьку. Праз чатыры гады Навасяд зноў вылучаўся ў Сьвіслацкай акрузе. Тады дэпутатам стаў Леанід Мажэйка, які на той час працаваў дырэктарам сталічнага аўтобуснага парку.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG