«Рэальнай лібэралізацыі ўнутры краіны няма і ня будзе»

Чым была адметная гэтая выбарчая кампанія ў Палату прадстаўнікоў? Ці можна сказаць, што ў Беларусі назіраецца хаця б адносная лібэралізацыя? Чаму ўлада не пажадала правесьці гэтыя выбары больш празрыста і дэмакратычна? Экспэртыза Свабоды.

Чым была адметная гэтая выбарчая кампанія ў Палату прадстаўнікоў, што запомнілася і ўразіла? Ці можна сказаць, што ў Беларусі назіраецца хаця б адносная лібэралізацыя? Чаму ўлада не пажадала правесьці гэтыя выбары больш празрыста і дэмакратычна? На гэтыя ды іншыя пытаньні ў перадачы «Экспэртыза Свабоды» адказваюць палітолягі Юры Чавусаў і Сяргей Нікалюк. Вядзе перадачу Віталь Цыганкоў.

Цыганкоў: Беларускі парадокс — выбараў у краіне няма, але выбарчая кампанія ёсьць. Кандыдаты, дэбаты, пікеты, выступы — усе атрыбуты. Чым была адметная гэтая кампанія, чым яна адрозьнівалася ад папярэдніх, што запомнілася, што ўразіла?

Чавусаў: Варта адзначыць, што тыя зьмены ў заканадаўства, якія ўпершыню выкарыстоўваліся на гэтых выбарах, кардынальным чынам не паўплывалі на характар кампаніі. Зь іншага боку, кампанія была адметная зьмяненьнем атмасфэры ў стасунках паміж тымі органамі, якія праводзяць выбары, і міжнароднымі структурамі, назіральнікамі. Падкрэсьлена добразычлівае стаўленьне да місіяў назіральнікаў з Эўропы сьведчыць, што пацяпленьне ў стасунках паміж афіцыйным Менскам і Захадам паўплывала на выбарчыя працэсы.

Юры Чавусаў

Але я думаю, што гэта не памяняе карэнным чынам высноваў тых місіяў, якія прыехалі ў Беларусь. З прававога пункту гледжаньня я прагназую, што ацэнка гэтым выбарам будзе дадзеная належным чынам, і як і раней, выбары ня будуць прызнаныя свабоднымі і справядлівымі. Зь іншага боку, атмасфэра пацяпленьня паміж Менскам і Захадам паўплывае на тое, якія палітычныя высновы будуць зробленыя з прававых справаздачаў, якія падрыхтуюць місіі назіраньня. Падобна на тое, што гэта парлямэнцкая кампанія будзе прадстаўленая як «маленькі крок наперад».

Цыганкоў: Але гэты «маленькі крок наперад» відавочна ня стане «вялікім крокам для ўсяго чалавецтва». Сяргей, на вашую думку, чым вылучалася гэтая кампанія?

У Беларусі тыповы рэжым электаральнага аўтарытарызму, выбары праводзяцца, але рэальна выбіраць не даюць.

Нікалюк: Хацеў бы патлумачыць, што ніякага «беларускага парадоксу» не існуе з пункту гледжаньня выбараў. Большасьць сучасных краінаў зьяўляюцца аўтарытарнымі, і ўсе яны праводзяць выбары. У Беларусі тыповы рэжым электаральнага аўтарытарызму, выбары праводзяцца, але рэальна выбіраць не даюць. У гэтым пляне прынцыпова нічога не зьмянілася.

Хаця — у некаторых акругах зьяўляецца нейкае падабенства канкурэнцыі, то бок электаральны аўтарытарызм нібыта пачынае пераходзіць у канкурэнтны аўтарытарызм. Магчыма, гэта недзе і адбудзецца, але гэта нічога не мяняе.

Цыганкоў: Усё ж нейкі прагрэс?

Нікалюк: Раней на 4 мэтры не дапускалі назіральнікаў, цяпер будуць на тры мэтры. Фармальна — так, «прагрэс», ажно на 25 працэнтаў. Хто хоча ўбачыць у гэтым «прагрэс» — на здароўе. Але рэальнага дачыненьня да зьменаў у краіне гэта ня мае і мець ня можа.

Сяргей Нікалюк

Цыганкоў: Усё ж адно адрозьненьне ёсьць — упершыню кампанія праходзіць фактычна без заклікаў да байкоту. Акрамя КХП БНФ, якія традыцыйна ня ўдзельнічаюць у выбарах, астатнія палітычныя сілы да байкоту не заклікалі. Але ці ўдалося апазыцыі ажывіць грамадзтва, ці гэта не ў яе сілах?

Чавусаў: Я б не сказаў, што гэтыя выбары нечым карэнным адрозьніваюцца ад выбараў 2012 ці 2008 году ў сэнсе актыўнасьці грамадзтва, у пляне таго, ці сталі гэтыя выбары чыньнікам, які абудзіў грамадзтва і выклікаў нейкія дыскусіі. Нават у незалежных СМІ (пра дзяржаўныя і не кажу) дыскусіі адносна палітычнага курсу, адрозьненьняў палітычных праграмаў не адбываюцца.

Дзяржаўная палітыка, палітычны рэжым не залежаць ад таго, як прагаласуюць людзі на парлямэнцкіх выбарах.

Гэта абумоўлена тымі ўмовамі, у якіх праходзіць выбарчая кампанія. Грамадзтва не падманеш. Дзяржаўная палітыка, палітычны рэжым не залежаць ад таго, як прагаласуюць людзі на парлямэнцкіх выбарах. Адпаведна тое, што прапануюць кандыдаты, — другаснае і ня вартае вялікай увагі грамадзтва.

Сапраўды, на гэтых выбарах ніводная палітычная сіла не абвясьціла стратэгію байкоту ці ігнору. КХП БНФ традыцыйна ня ўдзельнічае ў выбарах, але не выпадае і казаць пра тое, што гэтая партыя актыўна праводзіла агітацыю за байкот.

Цыганкоў: Гэтая кампанія праходзіць ва ўмовах адноснай лібэралізацыі, і гэта ўжо становіцца пэўнай традыцыяй. Аднак часта пасьля «лібэралізацыі» наступае пэрыяд большай жорсткасьці. Што кажа ваш аналіз і прагноз — ці працягнецца адліга, ці зноў замаразкі?

Віталь Цыганкоў

Нікалюк: Я ня бачу прычынаў для замаразкаў. Тое, што называюць «лібэралізацыяй», — то тут трэба двойчы ставіць двукосьсі. Яе нельга параўноўваць зь лібэралізацыяй, якая рэальна ішла ад 2008 году і скончылася 19 сьнежня 2010-га.

Трэба разумець, што праблемы, зь якімі цяпер сутыкнулася беларуская эканоміка, — яны вельмі надоўга. Таму беларускі рэжым проста вымушаны неяк круціцца, шукаць магчымасьці для выжываньня. Хаця рэальна знайсьці на Захадзе няма чаго. Тое, што мы можам прадаваць на Захадзе — нафтапрадукты і калійныя ўгнаеньні — мы і так прадаем, тое, што можам купляць — і так купляем, ніхто не замінае.

Рэальнай лібэралізацыі ўнутры краіны няма і ня будзе. Бо для гэтага самому рэжыму трэба неяк зьмяніцца. А Аляксандар Рыгоравіч ва ўсіх сваіх выступах падкрэсьлівае, што ніякіх сур’ёзных пераменаў, у тым ліку і ў эканоміцы, ня будзе.

Цыганкоў: Улада нібыта мела шанец правесьці гэтыя выбары больш празрыста і дэмакратычна. Але правяла як заўсёды. Чаму?

Чавусаў: Мы гаворым у той дзень, калі праходзіць датэрміновае галасаваньне, і ўжо паступаюць зьвесткі, як накручваецца яўка. Я б вельмі асьцярожна ўжываў такія тэрміны, як лібэралізацыя і адліга. Давайце не забывацца — палітычных вязьняў у Беларусі цяпер больш, чым год таму. Колькасьць адміністратыўных штрафаў, выпадкаў адміністратыўнага перасьледу сёлета таксама болей, чым год таму.

Беларускі рэжым вельмі спрытна навучыўся супрацоўнічаць зь міжнароднымі структурамі ў працэдурных пытаньнях. Але ў сфэры справядлівага падліку галасоў нічога не мяняецца, выбары адбываюцца так, як раней.

Беларускі рэжым вельмі спрытна навучыўся супрацоўнічаць зь міжнароднымі структурамі ў працэдурных пытаньнях. Нейкія няважныя, неістотныя для палітыкі крытэры накшталт доступу да галасаваньня людзей з інваліднасьцю — рэжым у такіх сфэрах свабодна дэманструе «пазытыўныя зрухі». Але ў сфэры справядлівага падліку галасоў нічога не мяняецца, выбары адбываюцца так, як раней.

Цыганкоў: Сяргей, чаму ўлада не пажадала правесьці гэтыя выбары больш празрыста — гэта ж уладзе нічым не пагражала?

Нікалюк: Чаму ж не пагражала? У беларускай мадэлі ёсьць ня толькі эканамічны складнік, але і палітычная міталёгія. Яна палягае ў тым, што ёсьць адзіны беларускі народ, які зьяднаўся вакол фігуры прэзыдэнта. Таму важна падчас выбараў ня проста перамагчы, а прадэманстраваць адзінства народу, адсутнасьць альтэрнатывы дадзенай мадэлі. Таму калі кандыдаты ад улады раптам пачнуць перамагаць зь невялікай перавагай — то гэта ёсьць разбурэньнем гэтай мадэлі. Улада гэтага не дапусьціць.

Чавусаў: Акурат падчас парлямэнцкіх выбараў дэманстрацыя альтэрнатыўных мадэляў адбываецца, і ўлады ў гэтым зацікаўленыя. Яны запрашаюць кандыдатаў на дэбаты, даюць магчымасьць прадэманстраваць палітычным партыям, што яны ёсьць. Выбары — якраз той час, калі беларускі рэжым хоча паказацца міжнароднай супольнасьці «дэмакратычным», а не аўтарытарным.