Адпаведную скаргу назіральнік накіраваў у акруговую камісію, у РУУС і пракуратуру Першамайскага раёну Менску, паведамляе прэс-служба кампаніі «Права выбару».
Назіральнік кампаніі «Права выбару» сьцьвярджае, што 9 верасьня ў прысутнасьці сябраў камісіі ў скрыню для датэрміновага галасаваньня ўкінутыя фальсыфікаваныя бюлетэні ў вялікай колькасьці.
«Перад абедзенным перапынкам у мяне выклікала падазрэньне, што ў скрыні ёсьць прыціснутыя адзін да аднаго ў выглядзе шчыльнага стоса бюлетэні, чаго ня можа быць пры адзінкавым укідваньні бюлетэняў выбарнікамі. На гэта была зьвернутая ўвага старшыні камісіі Мялешкі, ад якога зразумелага адказу не было пачута», — піша назіральнік у сваёй скарзе.
9 верасьня, паводле падлікаў Яраслава Навуменкі, на ўчастак прыйшлі 42 выбарнікі. Пры агалошваньні вынікаў галасаваньня пасьля закрыцьця ўчастка ў 19-00 камісія назвала іншую колькасьць бюлетэняў — 228.
Наогул, паводле дадзеных назіральнікаў кампаніі «Права выбару», на пяці акругах у Менску яўка была завышаная выбарчымі камісіямі на 33,5%.