Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Як ацэняць выбары міжнародныя назіральнікі?


Чаму міністар Макей чакае ад іх «канстатацыі пазытыўных момантаў» на выбарах?

Удзельнікі: Юры Дракахруст, Валер Карбалевіч, Віталь Цыганкоў

Цыганкоў: МЗС Беларусі разьлічвае на абʼектыўную ацэнку місіі БДІПЧ АБСЭ па выніках парлямэнцкіх выбараў. Аб гэтым заявіў журналістам міністар замежных справаў Уладзімер Макей. «Мы лічым, што заключны даклад акрамя крытыкі павінен зьмяшчаць канстатацыю пазытыўных момантаў, якія маюць месца ў Беларусі ў кантэксьце падрыхтоўкі і правядзеньня парлямэнцкіх выбараў. Абʼектыўная ацэнка рэальнай сытуацыі з балянсам пазытыву і нэгатыву стварае асновы для таго, каб мы і далей разьвівалі і пашыралі пазытыўную атмасфэру ў адносінах з нашымі эўрапейскімі партнэрамі» — адзначыў Уладзімер Макей.

То бок, матыў даволі празрысты — «знаходзьце пазытыўныя моманты, тады будзе ў нас з вамі пазытыўная атмасфэра». Але акрамя гэтых, даволі прадказальных і відавочных словаў, Макей таксама выказаўся больш рэзка на адрас тых асобаў, якія «просяцца ў краіну», а потым, маўляў, заяўляюць, што тут няма дэмакратыі.

«Якраз такія заявы і выклікаюць падазрэньні ў тым, што такія дзеячы прыяжджаюць з падрыхтаванымі штампамі і ўстаноўкамі. Для нас такі падыход абсалютна непрымальны... Трэба глядзець на разьвіцьцё сытуацыі і на тое, што стаіць за лічбамі і фактамі. Толькі такі падыход дасьць абʼектыўны аналіз», — заявіў Макей.

Магчыма, Макей меў на ўвазе заяву кіраўніка Эўрапейскай народнай партыі Жозэфа Доля, якія наведаў Менск на мінулым тыдні. Доль потым заявіў, што яму ўжо зразумела, што выбары ня будуць сумленнымі, і сам ён «ня будзе граць у спэктаклі беларускіх уладаў».

Лёгіка ўлады даволі празрыстая — «Любіце нас такімі, якія мы ёсьць.

Таксама, відавочна, што нездавальненьне Макея выклікалі ня толькі заявы Доля, а што больш важна — папярэдняя справаздача місіі назіраньня за выбарамі АБСЭ. Місія апублікавала папярэднюю справаздачу аб ходзе парлямэнцкай кампаніі ў Беларусі. У дакумэнце назіральнікі ўстрымліваюцца ад сурʼёзных высноваў, але канстатуюць: большасьць рэкамендацыяў АБСЭ па мінулых выбарах пакуль не рэалізаваныя, кампанія праходзіць незаўважна, а ў мэдыяпрасторы дамінуюць дзяржаўныя СМІ. Значная колькасьць папярэдніх рэкамендацыяў АБСЭ пакуль не выкананыя.

Макей жа прапаноўвае заходнім назіральнікам і палітыкам больш канцэнтравацца на геапалітычнай ролі Беларусі. «Мы хочам, каб Беларусь асацыявалася з краінай, якая нікому не робіць ніякіх праблемаў і клопатаў. Гэтая роля Беларусі робіцца ўсё больш відавочнай, і гэта прызнаюць нашы заходнія партнэры. Напэўна, адсюль і падвышаная ўвага да парлямэнцкіх выбараў», — сказаў беларускі міністар.

Лёгіка даволі празрыстая — «Любіце нас такімі, якія мы ёсьць. Кіньце вы гэта сваю дэмакратыю, выбары, — зьвяртайце больш увагі менавіта на нашы геапалітычныя паводзіны».

Дракахруст: Я б больш пагаварыў пра спадзяваньні, якія ўтрымліваюцца ў гэтых пажаданьнях, марах спадара Макея. Тое, пра што ён казаў, у прынцыпе магчыма. Зараз, можа, як ніколі. І не столькі на ўзроўні саміх па сабе назіральнікаў, колькі на ўзроўні тых палітычных інстытутаў, якія на падставе высноваў місіі АБСЭ будуць прымаць адпаведныя рашэньні наконт палітыкі ў дачыненьні да Беларусі.

У беларускіх уладаў ёсьць спадзяваньні, што чароўнае слоўца пра нейкі прагрэс у дакумэнтах назіральнікаў АБСЭ будзе зафіксаванае.

Так, беларускія ўлады спрабуюць імітаваць нейкі прагрэс. Некаторыя рэкамэндацыі АБСЭ ўсё ж такі прымаюцца, акрамя таго, гутарка паміж Лукашэнкам і Ярмошынай наконт датэрміновага галасаваньня — таксама адлюстраваньне вось гэтых чаканьняў. Я не памятаю, каб раней Лукашэнка казаў, што датэрміновае галасаваньне Захаду не падабаецца, і таму давайце, маўляў, хоць нешта зробім, каб гэтае стаўленьне зьмяніць. Зараз так гаворыцца.

Так што ў беларускіх уладаў усё ж такі ёсьць пэўныя спадзяваньні, што чароўнае слоўца пра нейкі прагрэс у дакумэнтах назіральнікаў АБСЭ будзе зафіксаванае. Аа тады ўжо адпаведна эўрапейскія палітыкі змогуць прымаць тыя рашэньні, якія, магчыма, у іх ужо падрыхтаваныя. Варта прыгадаць нядаўні візыт у Беларусі віцэ-спікера Сэйму Польшчы, які амаль прамым тэкстам пра гэта казаў — ну правядзіце выбары без жахлівых эксцэсаў і ў вас вялікія шанцы на тое, што палітычны дыялёг падымецца на наступны ўзровень. Думаю, што гэта ў Менску чуюць — чуе і Макей, чуе і Лукашэнка.

Акрамя таго, што тычыцца канкрэтна асобы спадара Макея, я мяркую, што ў яго ёсьць проста свой чынавенскі, службовы інтарэс у такім разьвіцьці падзеяў. За міжнародныя стасункі адказвае ён. І чым лепш будзе стаўленьне да Беларусі з боку Захаду, тым лепш для яго. Таму ён, калі зьвяртаецца да назіральнікаў, да заходняй супольнасьці, акрамя ўсяго іншага, адстойвае свой уласны інтарэс. Старшыня КДБ такіх прамоў не гаворыць. Для яго тое, што напішуць назіральнікі АБСЭ, не мае вялікага значэньня. Што будзе залежыць ад заклікаў Макея і ўгавораў — вялікае пытаньне, але чаму іх не зрабіць, калі ёсьць магчымасьць?

Карбалевіч: Макей дакладна сфармуляваў, чаго ён чакае ад міжнародных назіральнікаў. Беларускія ўлады не чакаюць, што выбары будуць прызнаныя дэмакратычнымі, таму яны і не зьбіраюцца іх такімі рабіць. Ім трэба, як выказаўся Макей, балянс пазытыва і нэгатыву. Там павінна быць зафіксавана, што ёсьць прагрэс. І гэтага дастаткова.

Больш ляяльнае стаўленьне ЭЗ да беларускага рэжыму абумоўлена фактарам геапалітыкі.

Некалькі дробных рэкамэндацый БДІПЧ АБСЭ беларускія ўлады улічылі. Напрыклад, цяпер назіральнікаў будуць дапускаць нават да стала, дзе лічаць галасы. «Трэба глядзець на разьвіцьцё сытуацыі ў тэндэнцыі», — заявіў міністар. Вось беларускім уладам як раз важна, каб эўрапейскія назіральнікі зафіксавалі, што ёсьць тэндэнцыя да дэмакратызацыі выбараў. У гэтым, дарэчы, зацікаўленыя не толькі беларускія ўлады, але і ЭЗ. І заходнія палітыкі, тлумачачы сваю палітыку па нармалізацыі адносінаў з афіцыйным Менскам, менавіта будуць рабіць акцэнт не на тыя пункты справаздачы БДІПЧ АБСЭ, дзе гаворка ідзе пра неадпаведнасьці выбараў эўрапейскім стандартам, а на тыя, дзе будзе канстатавацца прагрэс.

Менавіта гэты аргумэнт пра тэндэнцыю эўрапейскія палітыкі могуць прад’явіць грамадзкасьці, праваабаронцам сваіх краінаў.

Больш ляяльнае стаўленьне ЭЗ да беларускага рэжыму абумоўлена фактарам геапалітыкі. І Макей таксама робіць на гэта акцэнт, маўляў, улічыце нашу міратворчую пазыцыю па ўкраінскаму пытаньню.

Хоць заходнія палітыка гавораць дзяжурныя фразы пра тое, што ад гэтых выбараў будзе залежаць нармалізацыя адносінаў Беларусі з ЗША і ЭЗ, але, я думаю, што яны наўрад ці моцна паўплываюць на тыя працэсы размарожваньня адносінаў, якія актыўна ідуць апошнія два гады.

  • 16x9 Image

    Віталь Цыганкоў

    Віталь Цыганкоў скончыў факультэт журналістыкі БДУ. Адзін з двух заснавальнікаў першага недзяржаўнага агенцтва навінаў БелаПАН. Працаваў ў газэтах «Звязда», быў карэспандэнтам у Беларусі расейскай «Независимой газеты», Associated Рress, аглядальнікам у газэце «Свабода». На беларускай Свабодзе ад 1994 году. Карэспандэнт расейскай Свабоды ў Беларусі.
     

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG