У раёне Баранавічаў на тэрыторыі палігону «Абуз-Лясноўскі» з 23 па 27 жніўня 2016 года адбудуцца вучэньні зь міратворчымі сіламі Арганізацыі Дамовы аб калектыўнай бясьпецы (АДКБ) «Непарушнае брацтва — 2016».
Афіцыйная легенда вучэньняў — «Падрыхтоўка і вядзеньне апэрацыі па падтрыманьні міру Калектыўнымі міратворчымі сіламі АДКБ».
«Аднак задума вучэньняў прадугледжвае адыход ад звыклых шаблёнаў і адпрацоўку шэрагу карысных навацый, якія адлюстроўваюць абноўленыя спосабы выкананьня міратворчых задач у ходзе правядзеньня сучасных комплексных апэрацый па падтрыманьні міру», — гаворыцца ў заяве прэс-службы АДКБ.
Пра якія навацыі ідзе гаворка ў паведамленьні, не ўдакладняецца.
У вучэньні бяруць удзел больш за тысячу вайскоўцаў з складу ўзброеных сіл, унутраных войскаў і паліцыі ўсіх шасьці дзяржаў — членаў АДКБ (Армэнія, Беларусь, Кіргізстан, Казахстан, Расейская Фэдэрацыя, Таджыкістан), больш за 500 адзінак авіяцыйнай, бранятанкавай і аўтамабільнай тэхнікі.
Расейскі воінскі кантынгент прыбыў на аэрадром Баранавічы яшчэ 16 жніўня. «Хлебам і сольлю сваіх калег сустрэлі вайскоўцы в/ч 54804 ВПС і войскаў СПА Узброеных Сіл Рэспублікі Беларусь», — паведамляла з гэтай нагоды Міністэрства абароны Беларусі.
Колькі расейскіх вайскоўцаў прыбылі ў складзе кантынгенту — не паведамляецца.