Абвастрэньне ваенна-палітычнай сытуацыі ў Крыме адбылося пасьля таго, як ФСБ абвінаваціла Мінабароны Ўкраіны ў падрыхтоўцы сэрыі тэрактаў на паўвостраве. Пасьля гэтага прэзыдэнт Пятро Парашэнка выдаў загад прывесьці ўкраінскія войскі на Данбасе і каля адміністрацыйнай мяжы з Крымам у поўную баявую гатоўнасьць.
У гэтай сытуацыі многія ўкраінскія вайсковыя экспэрты лічаць пачатак поўнамаштабнай вайны імаверным сцэнаром.
«Калі ацэньваць магчымасьць шырокамаштабнай вайны ў адсотках, то яна ўжо пераваліла за 50 адсоткаў. Трэба мець на ўвазе, што Пуціна і Крэмль не цікавіць тэрыторыя Ўкраіны, варта зьвярнуць на гэта ўвагу. Пуціна перш за ўсё цікавіць зьмена ўлады ў краіне. У выпадку, калі ён шляхам аблогі і правядзеньня падрыхтоўчых мерапрыемстваў прымусіць Украіну да правядзеньня выбараў у акупаваных рэгіёнах, то, безумоўна, гэта можа зьняць напружаньне і зьмяніць рыторыку Крамля», — заявіў кіраўнік Цэнтру дасьледаваньня арміі, канвэрсіі і раззбраеньня Валянцін Бадрак.
На яго думку, для адкрытага ўварваньня Расеі склаліся неспрыяльныя для Ўкраіны зьнешнепалітычныя ўмовы. У першую чаргу, лічыць экспэрт, гэта выбарчая кампанія ў ЗША, якая не дае займацца ўкраінскімі праблемамі, і гатоўнасьць многіх краінаў Эўразьвязу аднавіць эканамічнае партнэрства з Расеяй. Акрамя таго, Крэмль, на думку Бадрак, можа быць зацікаўлены ў разьвязваньні вайны для мабілізацыі электарату напярэдадні выбараў. Экспэрт мяркуе, што калі Расея ўсё ж пойдзе на адкрытае ўварваньне, то для таго, каб адбіць атаку, Украіне давядзецца ахвяраваць жыцьцямі 15 тысяч афіцэраў і салдат.
Імаверным лічыць ваеннае ўварваньне Расеі і вайсковы экспэрт Цэнтру Разумкова Аляксей Мельнік. На яго думку, для гэтага ёсьць усе ўмовы і перадумовы, але ступень імавернасьці поўнамаштабнай вайны на дадзеным этапе вызначыць нельга.
Экспэрт мяркуе, што калі Масква наважыцца на ўварваньне, то, хутчэй за ўсё, яно будзе разгортвацца па тым жа сцэнары, што і на Данбасе ў 2014 годзе.
«Былі артылерыйскія абстрэлы з тэрыторыі Расеі ўкраінскіх войскаў, якія падышлі, каб перакрыць мяжу. Гэта адзін са сцэнароў. Гэта абстрэлы з тэрыторыі Расеі ва ўмовах, калі Ўкраіна стаіць перад выбарам: або наступаць, або адступаць і губляць сваіх людзей», — адзначыў Мельнік. Таксама, на думку аналітыка, Крэмль можа выкарыстоўваць так званы «сырыйскі досьвед», які прадугледжвае выкарыстаньне далёкай авіяцыі, крылатых ракет і іншых відаў узбраеньняў, якія дазваляюць атакаваць з доўгіх дыстанцыяў.
У выпадку, калі Расея наважыцца атакаваць, то, як сьцьвярджае Мельнік, яна будзе выкарыстоўваць два напрамкі: Данбас і крымскі перашыек.
«Пры гэтым таксама нельга выключаць практычна ўсю мяжу Ўкраіны з Расеяй, таму што перадысьлякацыя некалькіх частак на поўнач, у Бранскую вобласьць, — гэта патэнцыйна не для таго, каб адсьвяткаваць навасельле», — адзначыў экспэрт.
Цалкам матэрыял можна прачытаць на сайце «Крым. Реалии»