Пра гэта паведаміў ТАСС кіраўнік фонду Стафан Геніч 29 ліпеня ў Обнінску (Калуская вобласьць РФ) падчас адкрыцьця першага ў Расеі Георгіеўскага крыжа ў гонар перамог расейскай арміі ў Першай сусьветнай вайне, паведамляе БелаПАН.
Цырымонія была прымеркаваная да 60-годдзя гораду. Памятны знак уяўляе сабой выразаны з белага каменю Георгіеўскі крыж вышынёй больш за тры мэтры, пастаўлены на кубічную падставу. У цэнтры знаходзіцца мэдальён з рэльефнай выявай сьвятога Георгія Перамаганосца, які забівае зьмея.
«Фонд носіць імя князя Серпухоўска-Бораўскага Ўладзіміра Храбрага і знаходзіцца ў Калускай вобласьці, таму першым месцам устаноўкі памятнага знаку выбраны менавіта гэты рэгіён», — растлумачыў Геніч. Паводле яго слоў, у 2016 годзе такія ж крыжы будуць адкрытыя ў Маскве і Калузе, а таксама за мяжой — у Беларусі, Грэцыі, Сэрбіі і Францыі, «пры абароне якіх пралівалі кроў расейскія воіны». Выраб знакаў ажыцьцяўляецца за кошт сродкаў фонду.
Пасьля трагічных падзей ва Ўкраіне беларусы шырока абмяркоўвалі распаўсюджваньне георгіеўскіх стужачак напярэдадні Дня Перамогі. Асабліва гарачыя дыскусіі былі ў траўні 2014 году. Сярод іншага актывісты «Маладога фронту» абвясьцілі грамадзкую кампанію «Стоп, імпэрыя» з мэтай «ачысьціць вуліцы беларускіх гарадоў ад засільля георгіеўскіх стужак і расейскіх сьцягоў».
Вясной 2015 году ў Беларусі на загад уладаў быў распрацаваны ўласны сымбаль Дня Перамогі — бутаньерка з чырвона-зялёнай стужкай і кветкамі яблыні. Аляксандр Лукашэнка яго ўхваліў. Пры гэтым ён падкрэсьліў: георгіеўская стужка, якая выкарыстоўваецца ў якасьці сымбаля Дня Перамогі ў Расеі, у Беларусі не забароненая.
Расейскі фонд садзеяньня захаваньню і разьвіцьцю расейскай і ўсходнехрысьціянскай культуры ў імя Уладзіміра Храбрага плянуе ўстанавіць у Беларусі Георгіеўскі крыж.