Заўтра яго пахаваюць на Паўночных могілках сталіцы. З улікам вядомасьці асобы журналіста па дыпляматычных лініях трох краінаў удалося мінімалізаваць консульскія і мытныя працэдуры, бо звычайна ўзгадненьне пазыцый займае значна больш працяглы час. Тым больш, як у выпадку з Шараметам — грамадзянін Расеі, які жыў і працаваў ва Ўкраіне, але будзе пахаваны на радзіме ў Беларусі.
Як паказвае практыка, прывезьці памерлага з-за мяжы без дапамогі іншых досыць складана. Калі адпаведная паслуга не ўваходзіла ў страхоўку, то арганізацыя транспарціроўкі запатрабуе сур’ёзных выдаткаў. Прычым ня толькі фінансавых, бо абавязковыя і іншыя працэдуры — напрыклад, афармленьне дакумэнтаў, якія спатрэбяцца пры праходжаньні мяжы.
Да нядаўняга часу ўвесь цяжар па вяртаньні нябожчыка клаўся на сваякоў, цяпер за адпаведнае ўзнагароджаньне да справы можна падключыць рытуальнае бюро. Супрацоўнік аднаго зь менскіх агенцтваў расказаў, што дзеля гэтага запатрабуецца на папярэднім этапе.
Перш за ўсё, трэба атрымаць усе неабходныя дакумэнты з абавязковым іх перакладам на замежную мову.
Другі важны момант — падрыхтоўка цела да перавозкі (артэрыяльнае бальзамаваньне, санітарна-гігіенічная апрацоўка і г.д.).
Трэцяе — ужываньне адмысловай труны для транспарціроўкі, кантэйнэру для яе і запаўняльніка.
Чацьвёртае — выбар аптымальнага транспарту: самалёт, цягнік ці аўтамабіль. Авіяперавозка найбольш дарагая, паколькі трэба набываць квіткі на ўсіх асобаў з суправаджэньня.
Беларускаму сваяку, які выправіўся па блізкага чалавека далёка ад радзімы, першым чынам патрэбна наведаць кансулят Рэспублікі Беларусь у краіне, дзе здарылася сьмерць чалавека. На падставе ранейшага досьведу зь вялікай верагоднасьцю можна прагназаваць: дыпмісія аплатай выдаткаў займацца ня будзе. Але задача супрацоўнікаў — максымальна садзейнічаць у зборы ўсіх неабходных дакумэнтаў на памерлага за мяжой.
Для ўвозу на мытную тэрыторыю спатрэбяцца:
— пасьведчаньне аб сьмерці, якое выдаецца ўпаўнаважанай установай краіны адпраўленьня, альбо мэдычнае пасьведчаньне;
— акт арганізацыі (рытуальнага агенцтва), якая ажыцьцяўляла запайку труны;
— опіс каштоўнасьцяў і рэчаў, якія належалі нябожчыку, калі яны адпраўлены разам зь целам;
— заява, якую падпісвае асоба, якая суправаджае груз, незалежна ад таго, труна гэта ці скрыня з прахам.
Перавозка такога кшталту грузу празь дзяржаўную мяжу ў цяперашні час рэглямэнтуецца палажэньнямі 6-га пункту 355-га артыкула Мытнага кодэксу Мытнага саюзу.
Сума, у якую выльецца вяртаньне памерлага з-за мяжы, даволі істотная. Яна практычна ніяк не адаб’ецца на бюджэце сваякоў, якія займаюцца арганізацыяй перавозкі, калі пры выезьдзе была аформлена страхоўка. Аднак у выпадку з Паўлам Шараметам, мяркуючы па ўсім, сытуацыя больш складаная, хоць ягоныя сябры і ў Кіеве, і ў Маскве заявілі, што сям’я будзе пазбаўлена ад усіх выдаткаў.
Цана пасьмяротнай рэпатрыяцыі наўпрост залежыць ад адлегласьці. Паводле адмыслоўцаў, наземная транспарціроўка з Украіны дасягае ў сярэднім 3 тысячы эўра, самалётам гэтая сума нашмат большая. І чым далей краіна, тым большыя затраты.
Аналягічнымі працэдурамі абстаўляецца і тэстамэнт або жаданьне кагосьці са сваякоў, каб у Беларусі быў пахаваны грамадзянін той ці іншай краіны. Перадусім пра такое жаданьне мусіць быць пастаўлена ў вядомасьць консульская ўстанова Рэспублікі Беларусь, якая прадставіць заяўнікам увесь неабходны сьпіс дакумэнтаў для афармленьня адпаведнага дазволу.
Можна ўспомніць, што некалькі гадоў таму ў крыпце касьцёла Сьвятых Сымона і Алены ў Менску быў пахаваны прах вядомага дасьледчыка беларускай духоўнай музыкі Гая Пікарды. Яшчэ пры жыцьці ён завяшчаў пахаваць свой прах у адной зь менскіх сьвятыняў.
Калі на жаданьне сваякоў памерлага грамадзяніна Беларусі хочуць пахаваць за мяжой, то неабходна сабраць паперы для вывазу цела з мытнай тэрыторыі:
— мэдычнае пасьведчаньне аб сьмерці, альбо яго натарыяльную копію;
— заключэньне органаў санітарнага кантролю, якія даюць дазвол на выемку цела зь зямлі для перазахаваньня;
— даведка ад арганізацыі, якая запайвала труну, з пацьверджаньнем адсутнасьці пабочных укладаньняў.