Пра гэта гаворыцца ў адказе, які атрымала лідэр Хрысьціянска-дэмакратычнага руху, каардынатар БХД па Менску Вольга Кавалькова.
А ў адказе з Камітэту дзяржкантролю паведамляецца, што выдаткі на арганізацыю і правядзеньне сходу, у тым ліку на пражываньне дэлегатаў і набыцьцё для іх сувэнірнай прадукцыі рабілася «у адпаведнасьці з зацьверджаным каштарысам», а «фактаў выкарыстаньня бюджэтных сродкаў з парушэньнем бюджэтнага заканадаўства не праглядаецца».
«Набыцьцё пляншэтаў і ўручэньне іх дэлегатам Усебеларускага народнага сходу зьяўлялася адным са спосабаў больш мабільнага і эфэктыўнага ўдзелу ў сходзе і выкарыстоўвалася ў якасьці інфармацыйнага рэсурсу», — гаворыцца ў адказе.
«Цікава, як бы яны патлумачылі мікрахвалёвыя печы для ўдзельнікаў сходу 2010 году? Каб яны не памерлі з голаду?» — задаецца пытаньнем Вольга Кавалькова.
«У сёньняшніх умовах такія траты зь бюджэту недапушчальныя. Яны пішуць, што пляншэты былі падараваны для больш мабільнага і эфэктыўнага ўдзелу дэлегатаў у Сходзе, але мноства беларусаў лічыць, што гэты сход увогуле быў непатрэбны, а тым больш за нашы і такія вялікія грошы. Таму што няма дзяржаўных грошаў, ёсьць грошы падаткаплатнікаў. Улада паводзіць сябе нахабна і людзі з кожным годам усё больш абураюцца гэтаму нахабству», — адзначыла яна.
Паводле пункту 1.8 артыкула 22 Закону Рэспублікі Беларусь «Аб дзяржаўнай службе ў Рэспубліцы Беларусь» дзяржаўны служачы «ня мае права прымаць маёмасьць (падарункі) або атрымліваць іншую выгаду ў выглядзе паслугі ў сувязі з выкананьнем службовых абавязкаў, за выключэньнем сувэніраў, якія ўручаюцца пры правядзеньні пратакольных і іншых афіцыйных мерапрыемстваў. Атрыманыя імі пры правядзеньні афіцыйных мерапрыемстваў сувэніры, кошт якіх перавышае пяць базавых велічынь, перадаюцца ў даход дзяржавы на рашэньне камісіі, што ствараецца кіраўніком дзяржаўнага органу, у якім дзяржаўны служачы займае дзяржаўную пасаду».
Кожнаму дэлегату — дзяржаўнаму служачаму быў падараваны сувэнір у выглядзе пляншэта Samsung Galaxy Tab 7.0, прыкладны кошт якога на дату правядзеньня мерапрыемства складаў 4,1 мільёну недэнамінаваных рублёў, што складае 19,5 базавых велічынь.