На сайце petitions.by пачаўся збор подпісаў пад зваротам на адрас Менгарвыканкаму, адміністрацыі Аляксандра Лукашэнкі і міністэрства гандлю Беларусі, які разьмясьціў вядомы блогер Антон Матолька. Зварот тычыцца грошай, у якія абышоўся бюджэту 5-ты Ўсебеларускі народны сход, што адбыўся ў Менску 22–23 чэрвеня.
«Выведаць дакладны кошт правядзеньня 5-га Ўсебеларускага народнага сходу» — такую мэту паставіў перад сабой блогер Антон Матолька. Дадаваць нешта да гэтай мэты ў сваім камэнтары для Свабоды аўтар звароту ня стаў. «Што тут камэнтаваць, усё зразумела», — сказаў Антон Матолька.
Па тэмпах, якімі падпісваюцца пад ягоным зваротам, бачна, што тэма хвалюе шмат людзей.
Сярод іншых выдаткаў аўтар звароту адзначае падораныя кожнаму з дэлегатаў сходу пляншэты Samsung Galaxy Tab A. 7.0, якія каштуюць прыблізна 4 мільёны рублёў кожны. «Такім чынам рынкавы кошт усёй партыі пляншэтаў для ўдзельнікаў сходу — 10 мільярдаў рублёў (прыкладна паўмільёна даляраў па цяперашнім курсе)», — падлічыў Антон Матолька. Але наколькі гэтая пакупка арганізатараў сходу адпавядае законам, у тым ліку закону «Аб дзяржаўных закупках тавараў (працаў, паслуг)», паводле якога дзяржаўныя органы мусяць эфэктыўна выкарыстоўваць грашовыя сродкі і падтрымліваць айчынных вытворцаў?
Аўтар пэтыцыі і тыя, хто за яе падпісаліся, патрабуюць падаць калькуляцыю выдаткаў на правядзеньне 5-га Ўсебеларускага народнага сходу, а таксама шэраг іншых дакумэнтаў, якія датычацца мерапрыемства. У тым ліку — сьпіс пастаўшчыкоў, якія ўдзельнічалі ў конкурсе на пастаўкі, зьвязаныя з правядзеньнем сходу ды пэўныя спасылкі на працэдуры дзяржаўных закупак, зьвязаных са сходам. Ад Міністэрства гандлю асобна патрабуецца даць ацэнку выкананьня нормаў і правілаў закупак пляншэтаў для ўдзельнікаў сходу.
Яшчэ на гэтую тэму
Самае папулярнае
1