«Я думаю, што ў Крамлі парадуюцца. Эўразьвяз увёў санкцыі супраць Расеі і ён у некаторым сэнсе зьяўляецца ворагам для Масквы — і адпаведна ўсё, што аслабляе ворага, добра для Масквы, а тут такі моцны палітычны ўдар. Гэта, канешне, не перамога Расеі, бо наўрад ці Масква прыклала да гэтага руку, але гэта вельмі выгадна Крамлю», — падкрэсьліў ён у інтэрвію Свабодзе.
Мельянцоў зьвяртае ўвагу на тое, што рашэньне аб выхадзе Вялікай Брытаніі мусіць зацьвердзіць брытанскі парлямэнт, бо сам па сябе рэфэрэндум мае хутчэй рэкамэндацыйнае значэньне. Акрамя таго, застаецца пытаньне, як будзе праходзіць працэдура выхаду Вялікай Брытаніі з ЭЗ — гэта дастаткова складаны працэс, які зойме ня менш за 2 гады.
«Вядома, вынік рэфэрэндуму — гэта моцны ўдар па іміджу Эўрапейскага зьвязу. Эўразьвяз будаваўся як такі зьвяз, куды ўсе імкнуцца ўступаць, які ўяўляе сабой такі лібэральны ўзор для іншых краін. А цяпер, калі такая эканамічна і палітычна моцная краіна выходзіць з аб’яднаньня, гэта, вядома, вельмі дрэнны знак для ўсяго зьвязу — гэта дэманструе, што ён перастае быць прывабным. Канешне, нельга сказаць, што ад выхаду Вялікай Брытаніі Эўразьвяз разваліцца, але, безумоўна, ён страціць свой імідж, які меў да гэтага», — адзначае ён.
Што тычыцца палітыкі Брусэлю ва ўсходнеэўрапейскім рэгіёне, то выхад Вялікай Брытаніі з ЭЗ наўрад ці карэнным чынам яе зьменіць, мяркуе Мельянцоў.
«Я ня думаю, што гэта будзе нейкі вельмі істотны паварот. Але можна прыгадаць, што Вялікая Брытанія разам з краінамі Балтыі, Польшчай і Швэцыяй выступала за жорсткую лінію супраць Расеі. Яна падтрымлівала дэмакратызацыю ў краінах Усходняй Эўропы. Цяпер гэтая лінія за больш жорсткія паводзіны ў дачыненьні да Расеі аслабне ўнутры ЭЗ, але гэта не азначае, што сама Вялікабрытанія адмовіцца ад такой сваёй палітыкі на міжнароднай арэне. Вядома, сама Вялікабрытанія нікуды не падзенецца», — кажа палітоляг.