Прэм’ер-міністар Вялікабрытаніі Дэйвід Кэмэран заявіў сёньня, што пакіне свой пост пасьля таго, як брытанцы ў рэфэрэндуме выказаліся за выхад з Эўразьвязу.
Кэмэран сказаў, што сыдзе да кастрычніка, а ў бліжэйшыя тыдні пастараецца «прывесьці ў раўнавагу карабель» пасьля плебісцыту.
Большасьць брытанцаў прагаласавалі за выхад з Эўразьвязу на рэфэрэндуме 23 чэрвеня.
Перад рэфэрэндумам Кэмэран заклікаў брытанцаў галасаваць за тое, каб Вялікабрытанія засталася ў ЭЗ, папярэджваючы пра адмоўныя эканамічныя наступствы выхаду.
За выхад з ЭЗ прагаласавалі большасьць раёнаў паўночнай і паўднёвай Англіі, найбуйнейшыя гарады Ўэльса, а таксама такія прамысловыя цэнтры, як Кавэнтры, Сандэрлэнд, а таксама Шэфілд.
У Лёндане выбарцы прагаласавалі ў асноўным за захаваньне сяброўства ў Эўразьвязе, прычым ім атрымалася ўмацаваць свае пазыцыі ў параўнаньні з прагнозамі прыкладна на 4%. Аднак у Лівэрпулі, Глазга і Ньюкасьле, дзе прыхільнікі ЭЗ атрымалі перамогу, эўраскептыкі здолелі дадаць у сярэднім 3-4%. Аналягічная сытуацыя складвалася ў невялікіх гарадах, дзе прыхільнікам Brexit прадказвалі 55% падтрымкі, а ў выніку ў Данкастэры, Бостане, Іпсьвічы яны атрымалі каля 60%.
У Шатляндыі праціўнікі Brexit выйгралі практычна ва ўсіх рэгіёнах, у тым ліку ў Эдынбургу, Глазга і Дандзі. У Паўночнай Ірляндыі галасы падзяліліся, у тым ліку і ў розных раёнах Бэлфасту.