Пачкаеў пра Brexit: «Гэта праблема і для Ўкраіны, і для Беларусі»

Мікола Пачкаеў

Мікола Пачкаеў

Намесьнік старшыні Рады БНР Мікола Пачкаеў лічыць, што вынікі брытанскага рэфэрэндуму нясуць пэўныя праблемы, як для Эўразьвязу, так і для Вялікабрытаніі.

Сам Мікола Пачкаеў, які цяпер жыве ў Вялікабрытаніі, зьяўляецца прыхільнікам таго, каб краіна заставалася ў Эўразьвязе, бо яе выхад відавочна аслабіць ўсходнюю палітыку Брусэля.

«Безумоўна, выхад з структураў Эўразьвязу Вялікабрытаніі, якая была прыхільнікам рашучай, цьвёрдай палітыкі ЭЗ на ўсходнім кірунку, выкліча пэўныя праблемы і для Ўкраіны, і для Беларусі. Гэта прывядзе да паслабленьня Эўрапейскага Зьвязу як геапалітычнага і эканамічнага гульца», — кажа ён.

Таксама вынікі рэфэрэндуму могуць мець нэгатыўныя наступствы і для Вялікабрытаніі. У прыватнасьці, гэта ўзмоцніць прыцягненьне паміж Шатляндыяй і Паўночнай Ірляндыяй, жыхары якіх пераважна галасавалі супраць выхаду з ЭЗ.

«Такім чынам, як для Вялікабрытаніі, так і для Эўразьвязу вынікі рэфэрэндуму нясуць пэўныя праблемы. Я думаю, што гэта вымусіць эўрапейскіх палітыкаў пайсьці на пэўныя рэформы, бо наступным крокам пасьля гэтага рэфэрэндуму ёсьць рызыка прыходу да ўлады крайне правых партыяў — эўрапейская палітычная эліта, безумоўна, паспрабуе гэты вынік прадухіліць. З пункту гледжаньня самой Брытаніі наступствы могуць датычыцца статусу Паўночнай Ірляндыі і Шатляндыі, якія пераважна галасавалі супраць выхаду з Эўразьвязу», — адзначае ён.

Між тым Пачкаеў зьвяртае ўвагу на тое, што вынікі брытанскага рэфэрэндуму — гэта толькі пачатак шляху, які зойме ня менш за 2 гады. Таму і вынік гэтых працэсаў можа быць іншым, чым гэта цяпер прагназуецца.