Эўразьвяз без Вялікабрытаніі. Што зьменіцца?

Большасьць удзельнікаў рэфэрэндуму ў Вялікабрытаніі, які адбыўся напярэдадні, падтрымалі выхад краіны з Эўразьвязу.

За выхад з ЭЗ прагаласавалі 52 адсоткі брытанцаў, або амаль 16 з паловай мільёнаў выбарцаў, прыхільнікі сяброўства ў ЭЗ набралі 48 працэнтаў.

Яўка на рэферэндуме склала каля 72 працэнтаў, што зьяўляецца найвышэйшым паказчыкам на выбарах у Вялікабрытаніі з пачатку 1990-х гадоў.

Як паведамляе ВВС, за выхад з ЭЗ прагаласавалі большасьць раёнаў паўночнай і паўднёвай Англіі, найбуйнейшыя гарады Ўэльса, а таксама такія прамысловыя цэнтры, як Кавэнтры, Сандэрлэнд, а таксама Шэфілд.

У Лёндане выбарцы прагаласавалі ў асноўным за захаваньне сяброўства ў Эўразьвязе, прычым ім атрымалася ўмацаваць свае пазыцыі ў параўнаньні з прагнозамі прыкладна на 4%. Аднак у Лівэрпулі, Глазга і Ньюкасьле, дзе прыхільнікі ЭЗ атрымалі перамогу, эўраскептыкі здолелі дадаць у сярэднім 3-4%. Аналягічная сытуацыя складвалася ў невялікіх гарадах, дзе прыхільнікам Brexit прадказвалі 55% падтрымкі, а ў выніку ў Данкастэры, Бостане, Іпсьвічы яны атрымалі каля 60%.

У Шатляндыі праціўнікі Brexit выйгралі практычна ва ўсіх рэгіёнах, у тым ліку ў Эдынбургу, Глазга і Дандзі. У Паўночнай Ірляндыі галасы падзяліліся, у тым ліку і ў розных раёнах Бэлфаста.

Прэм’ер-міністар Вялікабрытаніі Дэйвід Кэмэран заявіў сёньня, што пакіне свой пост пасьля таго, як брытанцы ў рэфэрэндуме выказаліся за выхад з Эўразьвязу.

Кэмэран сказаў, што сыдзе да кастрычніка, а ў бліжэйшыя тыдні пастараецца «прывесьці ў раўнавагу карабель» пасьля плебісцыту.

Перад рэфэрэндумам Кэмэран заклікаў брытанцаў галасаваць за тое, каб Вялікабрытанія засталася ў ЭЗ, папярэджваючы пра адмоўныя эканамічныя наступствы выхаду.

Старшыня Эўрапейскай рады Дональд Туск заявіў, што Эўразьвяз «мае намер захаваць наша адзінства 27» і прадухіліць выхад іншых краінаў. Разам зь Вялікабрытаняй цяпер у Эўразьвязе 28 краін. Туск сказаў, што лідэры ЭЗ правядуць саміт на наступным тыдні без Брытаніі і пачнуць больш шырокае абмеркаваньне будучыні.

Алекс Салманд, былы першы міністар Шатляндыі, заклікаў прэм'ер-міністра Брытаніі Дэйвіда Кэмэрана сысьці ў адстаўку. Ён заявіў, што Шатландыя, хутчэй за ўсё, правядзе новае галасаваньне па пытаньні аб незалежнасьці Шатляндыі.

Дэйвід Кэмэран

Прэзыдэнт Эўрапейскай рады Дональд Туск, прэзыдэнт Эўрапарлямэнту Марцін Шульц, прэзыдэнт Эўракамісіі Жан-Клёд Юнкер і цяперашні прэзыдэнт Рады Эўразьвязу Марк Рутэ адзначылі ў прыватнасьці:

«Цяпер мы чакаем, што ўрад Злучанага Каралеўства ажыцьцявіць гэтае рашэньне брытанскага народу як мага хутчэй, нягледзячы на балючасьць гэтага працэсу. Любая затрымка без патрэбы падоўжыць нявызначанасьць... Мы гатовыя хутка пачаць перамовы са Злучаным Каралеўствам што тычыцца тэрмінаў і ўмоваў яго выхаду з Эўразьвязу. Пакуль гэты працэс перамоваў ня скончыцца, Злучанае Каралеўства па-ранейшаму застаецца сябрам Эўразьвязу, з усімі правамі і абавязкамі, якія выцякаюць з гэтага».

Падпісанты гэтай заявы таксама нагадваюць Лёндану, што ў сувязі з вынікам рэфэрэндуму, пагадненьне аб зьмене ўмоваў для Злучанага Каралеўства ў Эўразьвязе, якое было дасягнутае ў лютым сёлета, не ўступае ў сілу і спыняе сваё існаваньне. Таму, дадаюць яны, ня будзе ніякіх новых перамоваў ў гэтым пытаньні.

Міністар фінансаў Беларусі Ўладзімер Амарын заявіў сёньня ў Палаце Прадстаўнікоў, што рэспубліканскі бюджэт давядзецца адкарэктаваць з улікам вынікаў першага паўгодзьдзя. Міністар патлумачыў гэта тым, што ад пачатку году зьмяняецца шэраг прагнозных паказьнікаў, найперш кошты на нафту. Гэта прымушае ўнесьці зьмены ў рэспубліканскі і мясцовыя бюджэты.

Міністар сказаў, што ў цэлым становішча ў беларускай эканоміцы паціху пачынае выпраўляцца. Паводле вынікаў пяці месяцаў 2016 году, аб’ём ВУП набліжаецца да заплянаванага.

Што датычыць крэдытаў, то пакуль можна дакладна казаць толькі пра пазыку з Эўразійскага Фонду стабілізацыі і разьвіцьця. Першы транш гэтага крэдыту ўжо атрыманы ў сакавіку, другі ўлады спадзяюцца атрымаць у ліпені, а ўсяго да канца году з гэтага фонду ў Менску спадзяюцца атрымаць 600 мільёнаў даляраў.

Амарын паведаміў, што Беларусь ужо накіравала справаздачу для гэтага фонду з улікам вынікаў першых 5 месяцаў працы сёлета. Гэты тэрмін быў абазначаны Эўразійскім Фондам стабілізацыі і разьвіцьця, бо менавіта супрацоўнікі фонду ўстанавілі кантрольную дату 1 чэрвеня.

«Мы чакаем апэратыўнага разгляду нашай справаздачы, спадзяемся на тое, што яна будзе станоўчай», — сказаў Амарын.

Міністар фінансаў адзначыў, што перамовы наконт крэдыту ад МВФ па-ранейшаму працягваюцца. А на пытаньне журналістаў, якое патрабаваньне МВФ наконт аплаты грамадзянамі Беларусі жыльлёва-камунальных паслуг (раней была неафіцыйная інфармацыя пра тое, што МВФ патрабуе 100% аплаты выдаткаў насельніцтвам — РС.), Амарын сказаў:

«На гэтую тэму мне не хацелася б цяпер гаварыць. Ідуць перамовы, і якая будзе канчатковая лічба, сёньня сказаць цяжка».

У міністра фінансаў запыталіся, ці нейкім чынам адаб’ецца на Беларускай фінансавай сыстэме падзеньне брытанскага фунту стэрлінгаў з-за выхаду Брытаніі з ЭЗ. Міністар адказаў так:

«Наўпрост сувязі тут няма. Але любая нестабільнасьць для нас дрэнная».

Кіраўнік «Палітычнай экспэртнай групы», расейскі экспэрт Канстанцін Калачоў лічыць, што ў Масквы няма падстаў сьвяткаваць вынікі рэфэрэндуму ў Вялікай Брытаніі як сваю перамогу.

Такое меркаваньне ён выказаў у інтэрвію Свабодзе.

«Калі казаць пра эканамічныя наступства для Расеі, то, напрыклад, нафта пасьля брытанскага рэфэрэндуму не падаражэла, а патаньнела. Канечне, можна сьвяткаваць гэта як вялікую перамогу, але мне падаецца, што выгада вынікаў рэфэрэндуму расейскай прапагандай будзе моцна перабольшвацца, а праблемы перамяншацца. Тут (у Расеі — РС.) любы вынік рэфэрэндуму назвалі б перамогай Расеі і новым калідорам магчымасьцяў.

Праўду кажучы, тое, што нас не забівае, робіць нас мацнейшымі. Для Эўразьвязу гэта, безумоўна, сур’ёзны выклік. Магчыма, гэта прымусіць Брусэль трохі зьмяніць сваю палітыку. Але я думаю, што калі тактычна гэта аслабленьне Эўразьвязу, то стратэгічна, магчыма, гэта толькі ўзмацніць ЭЗ», — кажа ён.

Калачоў таксама зьвяртае ўвагу на тое, што сам па сябе рэфэрэндум мае хутчэй рэкамэндацыйнае значэньне: працэдура выхаду яшчэ не запушчана, і ніхто ня ведае, як далей будуць разьвівацца падзеі. Але ў любым выпадку, на думку Калачова, вынікі рэфэрэндуму ў Вялікай Брытаніі істотна не паўплываюць на адносіны Расеі і Захаду.

«Калі нехта кажа, што выхад Вялікай Брытаніі з ЭЗ ці перамога Трампа ў ЗША — гэта тое, што трэба Расеі, то ён павінен неяк даказаць, што гэта так. А ніякіх доказаў гэтага я пакуль ня бачу», — кажа экспэрт.

Пра наступствы рэфэрэндуму кажа Георгі Плашчынскі, беларус, які жыве ў Оксфардзе, магістар Лёнданскай школы эканомікі.

Радыё Свабода: Вы чакалі, што брытанцы прагаласуюць за выхад з Эўразьвязу?

Плашчынскі: Я ня думаў, што гэта здарыцца, таму што большасьць апытаньняў грамадзкай думкі перад днём галасаваньня паказвалі на тое, што зь невялічкім адрывам перамогуць тыя, хто хоча застацца ў Эўразьвязе. Улічыўшы, што ўсе асноўныя партыі былі за тое, каб застацца ў Эўразьвязе, такога выніку не чакалі. І гэта відаць па рэакцыях шмат якіх людзей тут у Вялікабрытаніі.

РС: Чым пераконвалі брытанцаў прыхільнікі выхаду з Эўразьвязу? Наколькі істотнай у кампаніі перад рэфэрэндумам была праблема мігрантаў у Вялікабрытаніі?

Плашчынскі: Па вялікім рахунку я ня думаю, што такая праблема існуе насамрэч. Але я думаю, што яна выкарыстоўваецца прыхільнікамі выхаду з Эўразьвязу. Яны ў прыватнасьці выкарыстоўвалі такія аргумэнты, што трэба ўзяць назад кантроль над сваімі межамі. І быў аргумэнт, што трэба забраць ад Брусэлю кантроль над нацыянальнай палітыкай. Ну і, канечне, яны казалі, што ня трэба давяраць экспэртам, якія пераконваюць, што будуць эканамічныя цяжкасьці пасьля выхаду. Маўляў, мы вялікая краіна, і з дапамогай той свабоды, якую атрымаем, мы вырашым і эканамічныя праблемы.

РС: А якая цяпер у Брытаніі эканамічная сытуацыя? То бок як адчуваюць яе брытанцы — як добрую ці, можа, дрэнную, і таму эканамічны чыньнік таксама меў уплыў на вынік рэфэрэндуму?

Плашчынскі: Насамрэч эканамічная сытуацыя апошнім часам была даволі добрая. Стваралася вялікая колькасьць працоўных месцаў, Брытанія мела адны з самых вялікіх тэмпаў эканамічнага росту ў Эўразьвязе, што прыцягала вялікую колькасьць мігрантаў зь іншых краінаў Эўразьвязу. Я думаю, што тыя, хто галасаваў за Brexit, былі хутчэй незадаволеныя разьмеркаваньнем дабротаў ад гэтага эканамічнага росту.

РС: Калі паглядзець на тэрытарыяльны расклад галасоў у рэфэрэндуме, дык аказваецца, што Шатляндыя і Паўночная Ірляндыя пераважна галасавалі за тое, каб застацца, а Англія і Валія — за тым, каб выйсьці. Як вы гэта пракамэнтуеце?

Плашчынскі: Зараз ужо зьявіліся першыя камэнтары ў прэсе наконт таго, што Шатляндыя, магчыма, будзе праводзіць новы рэфэрэндум, паколькі меркаваны выхад Вялікабрытаніі з Эўразьвязу — гэта новыя абставіны, якія зьмяняюць палітычную сытуацыю. І я думаю, што так будзе — калі Вялікабрытанія выйдзе з Эўразьвязу, Шатляндыя правядзе такі рэфэрэндум.

Што тычыцца Паўночнай Ірляндыі, дык я бачыў заяву віцэ-прэм’ера Паўночнай Ірляндыі аб тым, што могуць адбыцца перамовы наконт статусу гэтай часткі Злучанага Каралеўства ці нават рэфэрэндум.

Старшы аналітык Беларускага інстытуту стратэгічных дасьледаваньняў (BISS) Дзяніс Мельянцоў лічыць, што вынікі рэфэрэндуму ў Вялікай Брытаніі выгадныя Маскве.

«Я думаю, што ў Крамлі парадуюцца. Эўразьвяз увёў санкцыі супраць Расеі і ён у некаторым сэнсе зьяўляецца ворагам для Масквы — і адпаведна ўсё, што аслабляе ворага, добра для Масквы, а тут такі моцны палітычны ўдар. Гэта, канешне, не перамога Расеі, бо наўрад ці Масква прыклала да гэтага руку, але гэта вельмі выгадна Крамлю», — падкрэсьліў ён у інтэрвію Свабодзе.

Мельянцоў зьвяртае ўвагу на тое, што рашэньне аб выхадзе Вялікай Брытаніі мусіць зацьвердзіць брытанскі парлямэнт, бо сам па сябе рэфэрэндум мае хутчэй рэкамэндацыйнае значэньне. Акрамя таго, застаецца пытаньне, як будзе праходзіць працэдура выхаду Вялікай Брытаніі з ЭЗ — гэта дастаткова складаны працэс, які зойме ня менш за 2 гады.

«Вядома, вынік рэфэрэндуму — гэта моцны ўдар па іміджу Эўрапейскага зьвязу. Эўразьвяз будаваўся як такі зьвяз, куды ўсе імкнуцца ўступаць, які ўяўляе сабой такі лібэральны ўзор для іншых краін. А цяпер, калі такая эканамічна і палітычна моцная краіна выходзіць з аб’яднаньня, гэта, вядома, вельмі дрэнны знак для ўсяго зьвязу — гэта дэманструе, што ён перастае быць прывабным. Канешне, нельга сказаць, што ад выхаду Вялікай Брытаніі Эўразьвяз разваліцца, але, безумоўна, ён страціць свой імідж, які меў да гэтага», — адзначае ён.

Што тычыцца палітыкі Брусэлю ва ўсходнеэўрапейскім рэгіёне, то выхад Вялікай Брытаніі з ЭЗ наўрад ці карэнным чынам яе зьменіць, мяркуе Мельянцоў.

«Я ня думаю, што гэта будзе нейкі вельмі істотны паварот. Але можна прыгадаць, што Вялікая Брытанія разам з краінамі Балтыі, Польшчай і Швэцыяй выступала за жорсткую лінію супраць Расеі. Яна падтрымлівала дэмакратызацыю ў краінах Усходняй Эўропы. Цяпер гэтая лінія за больш жорсткія паводзіны ў дачыненьні да Расеі аслабне ўнутры ЭЗ, але гэта не азначае, што сама Вялікабрытанія адмовіцца ад такой сваёй палітыкі на міжнароднай арэне. Вядома, сама Вялікабрытанія нікуды не падзенецца», — кажа палітоляг.