«Калі Поліка прызначылі рэктарам, яго былыя падначаленыя амэрыканцы пісалі на форумах: „Эўрапейцы, беражыце свае эўра“. І яны абсалютна мелі рацыю.
Я думаю, цяпер галоўнае — не сама адстаўка Поліка, хоць тое, што яна адбываецца, гэта, канечне, вельмі добра для ўнівэрсытэту. Але самае галоўнае цяпер іншае. Трэба весьці размову пра тых, хто Поліка прывёў да ўлады. І тых, хто зараз зьбіраецца пазьбегнуць адказнасьці. Я прачытаў заяву Эн Лонсдэйл на сайце ЭГУ. Гэты тэкст можа быць узорам крывадушнасьці і цынізму. І, самае галоўнае, спробы пазьбегнуць адказнасьці за тое, што было зроблена. А адказнасьць у першую чаргу павінны несьці і сама Эн Лонсдэйл, якая была старшынёй камітэту, які знайшоў Поліка, Дэн Дэвідсан, пра сяброўства зь якім казаў мне сам Полік, Дэніэл Таршыс і Анатоль Міхайлаў. Гэтыя людзі павінны панесьці адказнасьць.
Відавочна, што ЭГУ цяпер у крызісе, і цяжка сказаць, ці здолее ён яго перажыць. І цяпер усё больш чуваць размовы пра тое, што ва ўсім вінаваты беларусы: як ім ні дапамагай, а ўсё скончыцца скандаламі і гэтак далей. Але ў дадзеным выпадку абсалютна відавочна, што беларусы не былі дапушчаныя да ўлады ў гэтым праекце. І адказныя за яго крах і крызіс — не беларусы, а тыя, хто прымаў рашэньне. А гэта былі грамадзяне ЗША, Вялікай Брытаніі, Бэльгіі, Даніі і гэтак далей. Беларусы, дарэчы, паводзілі сябе ў гэтай сытуацыі вельмі годна».
У сувязі з адстаўкай Поліка, зьменамі ў кіраўніцтве ЭГУ — ці магчымае вяртаньне ва ўнівэрсытэт звольненых выкладчыкаў? Ці бачыць такую пэрспэктыву Павал Церашковіч?
«Невядома, хто стане рэктарам. Ад гэтага залежыць вельмі шмат. Я вось чытаю, што швэдзкае агенцтва SІDА будзе назіраць за выбарам. Але пакуль з кіроўнай рады ня пойдуць тыя асобы, пра якіх я казаў, — дарэчы, Дэніэл Таршыс ужо зьбег, зрабіў гэта ў той момант, калі гэта трэба было рабіць, — нічога добрага ў ЭГУ ня будзе. Трэба, каб людзі, адказныя за крызіс, панесьлі адказнасьць».