Ляўрэат Нобэлеўскай прэмii ў галіне літаратуры Святлана Алексiевiч прыехала ў Лiтву зь Менску і наведала Панявеж, дзе акторы Панявескага драматычнага тэатру адыгралі спэктакль «Чарнобыльская малiтва», пастаўлены паводле напiсанай ёю аднайменнай кнiгi.
У пятнiцу нобэлеўская ляўрэатка, якую чакалi у Вiльнi, ня выйшла зь цягнiка. Кiраўнiк панявескага драматычнага тэатру імя Юозаса Мiльтiнiса, якi чакаў яе, літаральна аслупянеў, бо ня быў папярэджаны, што Сьвятлана Алексiевiч не прыедзе, паведамляе Служба навінаў Літоўскай тэлевізіі.
Яна была запрошаная на прэм’еру спэктаклю, пастаўленага паводле яе кнiгi «Чарнобыльская малiтва», i на дыскусiю з гледачамi.
Калi высьветлiлася, што пiсьменьнiца не пасьпела падаць дакумэнты на вiзу, на просьбу мiнiстра замежных справаў Літвы Лінаса Лінкявічуса яе прывезьлi зь Менску ў Панявеж на машыне лiтоўскай амбасады ў Беларусi.
Ужо ў Панявежы яна расказала, што яе жыцьцё зьмянiлася пасьля атрыманьня прэмii — цяпер яна шмат падарожнiчае, дае iнтэрвію, а часу пiсаць новую кнiгу пра каханьне застаецца мала.
«Шалёны рытм. Не магу нiводнага слова спакойна вымавiць, пра нешта прагаворысься ў самалёце або сябру скажаш — а заўтра ўжо чытаеш у газэтах», — сказала нобэлеўская ляўрэатка.
Пiсьменьнiца сказала, што яна езьдзiць не на ўсе прэм’еры, пастаўленыя паводле яе твораў, але ад запрашэньня ў Панявеж не магла адмовiцца.
«У студэнцкія часы ўсе гаварылі пра Панявеж, пра тэатар, пра актора Банёнiса, таму i згадзiлася. Назва Панявеж мела чароўны уплыў на маё рашэньне», — прызналася Сьвятлана Алексiевiч.