«Захады супраць свабоды прэсы былі найбольш моцнымі на Блізкім Усходзе і ў Турэччыне, дзе ўрады і групы баевікоў ціснулі на журналістаў і СМІ, каб тыя займалі пазыцыю «з намі ці супраць нас», гаворыцца ў дакладзе, абнародаваным сёньня ў Вашынгтоне.
У ім адзначаецца, што самым небясьпечным месцам ў сьвеце для журналістаў застаецца Сырыя, дзе летась былі забітыя прынамсі 14 журналістаў. Тры сырыйскія журналісты былі забітыя ў Турэччыне, па ўсёй верагоднасьці баевікамі тэрарыстычнай групоўкі «Ісламская дзяржава».
Дакумэнт таксама характарызуе Расею як «наватара сучаснай дзяржаўнай прапаганды», які зрабіў больш жорсткім інфармацыйны кантроль дома, а таксама актывізаваў намаганьні, каб маніпуляваць сродкамі масавай інфармацыі ў «геапалітычна значных» суседніх дзяржавах, такіх як Украіна, Малдова, краіны Балтыі і Цэнтральнай Азіі. Паводле аналітыка Freedom House Алены Агхелян, асабліва глябальны характар набыла прапаганда праз спадарожнікавы канал «Спутник».
У дакладзе даецца ацэнка свабоды СМІ ў 199 краінах і тэрыторыях. Беларусь заняла адно з апошніх месцаў 192-е. Пры тым Крым мае 195-е, Узбэкістан і Туркмэністан адпаведна 197-е і 198-е. Самы апошні радок займае Паўночная Карэя.
Узровень свабоды слова летась апусьціўся да самага нізкага ўзроўню за апошнія 12 гадоў. Такая выснова новага дакладу амэрыканскай няўрадавай арганізацыі Freedom House.