Паводле арганізатараў акцыі, яны мелі намер нагадаць менчукам пра катастрафічныя наступствы аварыі і пра тое, што беларускія ўлады будуюць новую ядзерную бомбу запаволенага дзеяньня.
Падчас акцыі некалькі анархістаў, апранутыя ў касьцюмы сьмерці, якія сымбалізуюць наступствы аварыі на ЧАЭС, раздалі ў цэнтры Менску каля 200 улётак «Чаму анархісты супраць АЭС». Акцыя абышлася без затрыманьняў.
На сайце анархісцкай групы «Прамень», якая паведамляе пра акцыю, разьмешчаны пералік прычын, чаму анархісты Беларусі выступаюць супраць будаўніцтва АЭС.
Сярод іншага, яны ўпэўненыя ў тым, што арганізацыя-будаўнік АЭС не нясе ніякай адказнасьці за наступствы магчымай аварыі, што замест будаўніцтва АЭС трэба разьвіваць працу з узнаўляльнымі крыніцамі энэргіі, бо атамная энэргетыка ўводзіць Беларусь у залежнасьць ад Расеі, якая ня толькі крэдытуе будаўніцтва АЭС, але і забясьпечвае яе спэцыялістамі, абсталяваньнем і ядзерным палівам.