У чарговым пасланьні да народу і Нацыянальнага сходу Аляксандар Лукашэнка закрануў тэму прадпрымальніцтва.
«Галоўнае — выплата падаткаў. І можаш спакойна спаць, можаш ня спаць — гэта тваё права. Але аддай тое, што ты павінен аддаць дзяржаве. Вось кажуць, прыйшлі і арыштавалі, а заўтра прыйдуць па іншых. Ну вядома, прыйдуць, калі вы будзеце так працаваць. Калі вы будзеце абдзіраць дзяржаву і не плаціць падаткі», — сказаў Лукашэнка.
Кіраўнік грамадзкай арганізацыі прадпрымальнікаў «Пэрспэктыва» Анатоль Шумчанка зьняпраўджвае гэтую заяву:
«Калі працавала „Працоўная група“ пры Міністэрстве эканомікі ў справе прэзыдэнцкага ўказу № 222, мы казалі намесьніку міністра эканомікі, што калі прадпрымальнікі плацілі фіксаваны падатак падвышаны, мы выплочвалі больш падатку. Яна ж нам адказала, што падаткі — не галоўнае. А галоўнае нібыта, каб людзі працавалі празрыста.
Акрамя таго, прадпрымальнікі ніколі не адмаўляліся плаціць падаткі, мы заўсёды былі добрасумленнымі падаткаплатнікамі. Таму галоўнае пытаньне — уніфікацыя заканадаўства, якое б дазваляла прадпрымальнікам працаваць у нармальных, спакойных умовах, не парушаючы заканадаўства. А ў нас сёньня, на жаль, створаныя такія ўмовы, якія дазваляюць любому кантрольнаму органу выкруціць рукі і збанкруціць любога прадпрымальніка. І прыкладаў таму безьліч.
Ён кажа: „Будзем вас саджаць, калі ня будзеце плаціць падаткі“. А хто ва ўладзе будзе адказваць за тое, што ў нас правальваюцца праграмы па разьвіцьці прадпрымальніцтва? За тое, што ў нас правальваюцца праграмы таго ж падаткаабкладаньня з-за таго, што ў нас скарачаецца колькасьць суб’ектаў гаспадараньня? Хто адкажа за зімовае супрацьстаяньне ўлады і прадпрымальніцтва, калі страцілі і спажыўцы, і бюджэт, і агулам краіна страціла? Хто за гэта адкажа? Я гэта хацеў бы пачуць. Але гэтага мы ня чуем — у яго вінаватыя толькі людзі, толькі народ».