У Нацыянальным выстававым цэнтры «Белэкспа» 19-21 красавіка пройдзе VII міжнародная выстава і канфэрэнцыя «Атамэкспа». Мерапрыемства ладзіцца з ініцыятывы беларускага Мінэнэрга і пры падтрымцы расейскай дзяржкарпарацыі «Расатам».
На выставе абяцаюць прадэманстраваць найноўшыя тэхналёгіі праектаваньня, будаўніцтва, выкарыстаньня і бясьпекі атамных электрастанцыяў, забясьпечыць эфэктыўныя пастаўкі абсталяваньня Беларускай АЭС, судзейнічаць падрыхтоўцы кадраў і забесьпячэньню ядзерным палівам. У дзень адкрыцьця выставы пройдзе круглы стол на тэму «Грамадзкая прымальнасьць атамнай энэргетыкі».
У вітаньні ўдзельнікам канфэрэнцыі гендырэктар «Росатома» Сяргей Кірыенка называе Беларускую АЭС, якую будуюць па расейскіх тэхналёгіях, «узорным аб’ектам».
«Будаўніцтва першай атамнай станцыі ў Рэспубліцы Беларусь шмат у чым вызначае яе энэргетычную незалежнасьць і стане магутным стымулам для разьвіцьця беларускай эканомікі», — піша ён.
Тым часам супраць будаўніцтва АЭС пратэстуе Літва: прэзыдэнт Даля Грыбаўскайце прапаноўвала абмежаваць экспарт электрычнасьці зь Беларусі ў сувязі з «пасьпешлівым будаўніцтвам» АЭС, таксама афіцыйная Вільня абвінавачвае Менск у невыкананьні абяцаньняў па АЭС, што да адказаў на пытаньні пра бясьпеку. Спыніць будаўніцтва БелАЭС заклікалі і эколягі розных краінаў — якраз на нядаўнюю гадавіну аварыі на «Фукусіме». Беларускія эколягі таксама выступаюць супраць будаўніцтва АЭС ад самага пачатку.