Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Эколягі — будаўнікам АЭС: Пакайцеся!


Пікет у ВІльні супраць Астравецкай АЭС, 31 траўня 2012
Пікет у ВІльні супраць Астравецкай АЭС, 31 траўня 2012

Дзяржаўныя СМІ шырока анансавалі прызначаную на 3 жніўня закладку ў Астраўцы капсулы з пасланьнем нашчадкам у падмурак беларускай АЭС. Эколягі прапанавалі ўкласьці ў капсулу свой тэкст — з пакаяньнем за непрадуманы небясьпечны ўчынак.

Паводле паведамленьня дзяржаўных СМІ, 3 жніўня ў Астравец павінна была прыехаць прадстаўнічая дэлегацыя — высокія ўрадоўцы, прадстаўнікі Міністэрства энэргетыкі Беларусі, Дзяржаўнай карпарацыі па атамнай энэргіі «Росатом», каб паглядзець на будаўніцтва і закласьці капсулу з пасланьнем нашчадкам. Але ў пятніцу ў Астраўцы — цішыня, кажа мясцовы актывіст Іван Крук:

«Я таксама чытаў у дзяржаўных сродках масавай інфармацыі, што павінна быць мерапрыемства. Але насамрэч, як ні парадаксальна, пакуль нічога няма. Незразумела. Цішыня. Я знаходжуся каля дома, і звычайна, як толькі хто прыяжджае, блякуюць мяне, прыходзіць міліцыя, папярэджвае, папярэджвае. А тут нікога няма. Калі б што было — ужо даўно б міліцыя прыйшла да мяне і даведалася, дзе я буду. А тут — цішыня поўная».

Начальнік аддзелу інфармацыйнага забесьпячэньня Дэпартамэнту ядзернай энэргетыкі Лілія Дулінец паведаміла, што 3 жніўня ўрачыстасьцяў у Астраўцы ня будзе:

«Перанесьлі мерапрыемства. Пакуль яшчэ дакладна ня вызначана дата. Мяркуецца, што на наступным тыдні гэта будзе. Але дзень канкрэтна вам не скажу. Гэта трэба ўдакладняць у прэс-службы прэзыдэнта, таму што яны акрэдытоўваць будуць. У іх, напэўна, хутчэй зьявіцца інфармацыя».

А незалежныя эколягі — Беларуская партыя зялёных, грамадзкае аб’яднаньне «Экадом» — прапанавалі будаўнікам і замоўцам Астравецкай АЭС свой тэкст звароту да нашчадкаў, кажа кіраўніца «Экадому» Ірына Сухій:

Ірына Сухій
Ірына Сухій
«Мы прапанавалі тэкст ліста, які трэба закласьці. Бо што можна сказаць нашчадкам, пачынаючы такую будоўлю?..»

«Мы пачыналі гэтую будоўлю, добра разумеючы, што ў нас няма ні сродкаў, ні тэхналёгіяў для ўтылізацыі, захаваньня і ізаляцыі адкідаў... Мы разумелі, што вам аддаваць дзесяцімільярдны крэдыт. Кожны грамадзянін Беларусі ўжо вінны 1000 даляраў ЗША Расеі за гэтую АЭС», — гаворыцца ў пасланьні.

Эколягі прапануюць будаўнікам і праектантам АЭС распавесьці пра шматлікія парушэньні, на якія яны ідуць дзеля будоўлі. На думку эколягаў, будаўнікі АЭС — а гэта і беларуская дзяржава, і расейская дзяржкарпарацыя «Росатом» — павінны пакаяцца перад нашчадкамі і адмовіцца ад сваіх небясьпечных плянаў.

«Мы, вядома ж, не паедзем у Астравец закладаць капсулу з гэтым пасланьнем. Гэта адрасавана тым, хто зьбіраецца закладаць капсулу. Мы праз СМІ да іх зьвяртаемся — вырашылі такім чынам, бо калі мы зьбіраемся што-небудзь куды-небудзь аднесьці, некаторых саджаюць на суткі на Акрэсьціна. Таму вырашылі, што ня трэба нічога несьці, а будзем зьвяртацца публічна».

Тры тыдні таму, калі эколягі зьбіраліся аднесьці пэтыцыю супраць будаўніцтва АЭС у расейскую амбасаду, іх затрымалі на выхадзе з офісу. Ірыну Сухій аштрафавалі на 15 базавых велічыняў, Тацяна Новікава тады атрымала 5 сутак арышту, Міхаіл Мацкевіч — 3 сутак, расейскі эколяг Андрэй Ажароўскі — 10 сутак. Потым яго дэпартавалі зь Беларусі, забараніўшы ўезд сюды на 10 гадоў.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG