Даўні тэнісны партнэр Аляксандра Лукашэнкі Сяргей Цяцерын і былы памочнік прэзыдэнта па спорце Ігар Заічкоў цяпер актыўна займаюцца бізнэсам, паведамляе tut.by.
Прычым, як апавялі крыніцы выданьня, яны заходзяць у тыя сэктары бізнэсу, куды пачаткоўцам бяз сувязяў і знаёмстваў вельмі складана прабіцца.
Сяргей Цяцерын зьяўляецца дырэктарам кампаніі «БелГлобалСтарт», а яго намесьнік — Ігар Заічкоў. Пачатак бізнэсу быў пакладзены ў 2013 годзе. Праз год «БелГлобалСтарт» стаў галаўной арганізацыяй холдынгу, які абʼяднаў пад сваім кіраваньнем некалькі кампаній, якія займаюцца рознай дзейнасьцю: «БелГлобалСтар», «БелГлобалГарант» і «БелГлобалТон».
«БелГлобалТон» займаецца аптова-розьнічным продажам мэблі і прадметаў інтэрʼеру. Кампанія імпартуе сваю прадукцыю ва ўласныя шоў-румы наўпрост з фабрык-вытворцаў, разьмешчаных у Даніі, Італіі, Кітаі.
«БелГлобалСтар» кіруе сеткай кінабараў «Blockbuster», разьмешчаных у вядучых кінатэатрах Менску, а таксама ў Магілёве і Горках. Адным з топ-мэнэджэраў «БелГлобалСтара» зьяўляецца дачка Цяцерына Тацяна. «Яна там гаспадыня», — кажа знаёмы бізнэсмэна.
«БелГлобалГарант» пастаўляе на беларускі рынак некаторыя прадукты харчаваньня і тавары народнага спажываньня (гарбата, кава, кансэрвы, кандытарскія вырабы і г. д.).
У 2015 годзе кампанія ўвайшла ў сьпіс спэцімпартэраў алкагольнай прадукцыі. Цяцерын атрымаў права на пастаўкі вінаў, вэрмутаў, каньяку і віскі з-за мяжы.
Яшчэ адзін напрамак дзейнасьці — гэта продаж кармоў для жывёлагадоўлі, а таксама спартыўнага харчаваньня.
Некалькі бізнэсмэнаў пацьвердзілі tut.by, што ўсю дзейнасьць «БелГлобалСтара» курыруе Сяргей Цяцерын. «Ён сабраў каманду, стварыў некалькі зразумелых яму бізнэсаў, выкарыстоўваючы напрацаваныя сувязі і магчымасьці», — гаворыць менскі прадпрымальнік. Пры гэтым ён сказаў, што «Цяцерын можа быць зьвязаны зь яшчэ некалькімі бізнэсамі».
Як адзначае tut.by, Сяргей Цяцерын далучыў Аляксандра Лукашэнкі да тэнісу, з часам стаўшы адным з самых блізкіх да прэзыдэнта людзей. Цяпер яго часта можна ўбачыць у складзе прэзыдэнцкага пулу на нефармальных мерапрыемствах.
Цяцерын на працягу многіх гадоў займаў адказныя пасады ў спартовай галіне. На дадзены момант ён займае крэсла намесьніка старшыні Беларускай тэніснай фэдэрацыі і ўзначальвае Беларускі лыжны саюз.