Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Топ-10 беларускіх бізнэсоўцаў. Без Чыжа і Баскіна


Днямі былі затрыманыя №12 і №6 у топе беларускіх бізнэсоўцаў. Хто астатнія ў топе?

Вядомы беларускі бізнэсовец Юры Чыж ​у 2013 годзе быў бізнэсоўцам №1 у топе інтэрнэт-выданьня «Ежедневник». У топ-200 пасьпяховых і ўплывовых бізнэсоўцаў за 2016 год ён займаў ужо 12 месца. Яго абагнаў, у тым ліку, затрыманы нядаўна Яўген Баскін — «птушыны кароль» заняў у рэйтынгу 6 месца.

«Калі працягваюць затрымліваць па двое буйных бізнэсоўцаў на тыдзень, то за год пасадзяць топ-100 самых пасьпяховых і ўплывовых, — разважае на Facebook Юры Зісер, стваральнік Tut.by і №35 у рэйтынгу. — Калі тыя, вядома, перш не пасьпеюць зьехаць з краіны. Цікава, як тады выжыве бюджэт? Бо вялікая частка бюджэту гораду Менску ўжо шмат гадоў фармуецца з падаткаў прыватнага бізнэсу. Ці ня час дзяржаве спыніцца і перастаць секчы сук, на якім яна сядзіць?»

Хто застаўся ў рэйтынгу «Ежедневника»? Топ-10 вольных бізнэсоўцаў цяпер такі.

11. Уладзімер Пефціеў — збройнік. 58 год. Яшчэ нядаўна яго называлі ці не ключавым спонсарам Лукашэнкі. Былы старшыня сходу акцыянэраў «Белтэхэкспарту» і былы саўладальнік «Белтэх Холдынгу». Ягоныя бізнэсы, зьвязаныя з продажам зброі (у тым ліку ў Сырыю) трапілі пад эўрапейскія санкцыі ў 2011 годзе, але «БТ Тэлекамунікацыі» (раней валодала мабільным апэратарам velcom) выключылі з санкцыйнага сьпісу ў 2014-м, а «Белтэхэкспарт» — на пачатку 2016-га. Акрамя зброі, займаўся тэлекамунікацыямі (правайдэр «Дзелавая сетка»), лятарэямі («Спорт-пары»), алькаголем («Аквадзіў»). «БТ Тэлекамунікацыі» спансаваў Прэзыдэнцкі спартовы клюб, а кіраўнік гэтага клюбу Дзьмітры Лукашэнка — саўладальнік «Спорт-пары». Быў у 2009–2012 гадах кіраўніком Беларускай тэніснай фэдэрацыі.

10. Аляксей Жукаў — варатар. 48 год. Генэральны дырэктар групы кампаніяў «Алютэх», у якую ўваходзяць расейская і ўкраінская кампаніі-вытворцы і 19 дыстрыбуцыйных кампаніяў. У 2013 годзе купіў нямецкага вытворцу варотаў Günther-Tore. Найвялікшы ў Цэнтральнай і Ўсходняй Эўропе вытворца гаражных і прамысловых сэкцыйных варотаў, таксама вырабляе іншыя алюмініевыя канструкцыі, якія выкарыстоўваюцца ў будаўніцтве. У не зьвязаных з асноўным бізнэсам навінах практычна не зьяўляецца. У 2013 годзе атрымаў з рук Лукашэнкі Ордэн Айчыны ІІІ ступені адначасова з Чыжом.

9. Аляксей Алексін — нафтавік. 36 год. Былы партнэр Чыжа, чыю бізнэс-групу (разам з Аляксеем Шакуціным, Мікалаем Вераб’ём і Андрэем Паўлоўскім) цяпер называюць ці ня самай уплывовай у Беларусі. Дырэктар «Энэрга Оіл» (былая «Трайпл-Энэрга»), кіраўнік мясной кампаніі «Вялес-Міт» (пераемнік «Трайпл-Вялес»), уладальнік «Белнафтагазу», «Легаўтатрансу», «МТБанку» і менскай рэстарацыі «Старое рэчышча», а таксама замежных нафтавых кампаніяў Neonafta (Літва), Petrotrade і Broker (Арабскія Эміраты), латвійскіх кампаніяў Mamas D (вытворца біяпаліва) і Latgales Alus D (вытворца піва). Таксама валодае ў Беларусі базай адпачынку «Сябры», пляцоўкай былога заводу імя Кірава. Вядомы падтрымкай поп-сьпевакоў, здымаўся ў навагоднім фільме АНТ «Батлейка» ў ролі беднага паэта. Быў затрыманы ў 2013 годзе як падазраваны ў межах расьсьледаваньня па карупцыйнай справе намесьніка старшыні «Белнафтахіму» Ўладзімера Волкава, але неўзабаве быў выпушчаны на волю (Волкава ж пасадзілі на 8 год).

8 і 7. Уладзімер Васілько і Сяргей Літвін — крамары. Абодвум па 49 год. Саўладальнікі гандлёвай кампаніі «Эўрагандаль» — гэта крамы «Эўраопт» у Беларусі, «Евроторг» у Расеі і Fresh Market у Літве ды сетка крамаў «Дабраном» (апошнія дзьве сеткі спыняюць працу), сетка трэйдэрскіх кампаніяў у Літве, Польшчы і Расеі, а таксама беларуская сетка крамаў бытавой тэхнікі «Тэхна Плюс». Разам з тым валодаюць Эўраторгінвэстбанкам, транспартнай кампаніяй «Эўраоптаўта», Менскім заводам вінаградных вінаў, Дзярэчынскім мясакамбінатам і шэрагам іншых харчовых прадпрыемстваў, расейскай інвэстыцыйнай будаўнічай фірмай «Белраскомпані» і іншымі актывамі. Пры тым, што іхні бізнэс у Беларусі расьце, самі яны жывуць не ў Беларусі, а ў Літве ці, па апошніх зьвестках, у Манака. Беларусь яны пакінулі яшчэ ў 2003 годзе, дзе іх падазравалі ў стварэньні транснацыянальнай злачыннай арганізацыі. У Польшчы іх нават арыштавалі на патрабаваньне беларускай пракуратуры, але неўзабаве выпусьцілі. Які на сёньня статус справы супраць іх у Беларусі, невядома. Але, што цікава, Мінгандлю называе спробы іхнага «Эўраопта» лабіраваць дазвол на інтэрнэт-гандаль алькаголю «падобным да шантажу».

5. Аляксандар Шакуцін — мэханізатар. 56 год. Як кажа спартовы аналітык Уладзімер Даўжэнка, Шакуцін займае месца Чыжа ў якасьці фаварыта Лукашэнкі. Кіраўнік холдынгу «Амкадор», які займаецца вырабам дарожна-будаўнічай, камунальнай, лясной і сельгастэхнікі, мае прадстаўніцтвы ў Расеі, Казахстане, Літве, Азэрбайджане. Таксама холдынг займаецца бытавой тэхнікай, радыевымяральнай апаратурай, сельскай гаспадаркай, будаўніцтвам ліцейнага заводу ў Жодзіне. Валодае вытворцамі машынаў і абсталяваньня «ПМІ Інжынэрынг» і «Салеа», «Абсалютбанкам», вытворцам бытавой хіміі «ВТФ Аўка», турыстычнымі кампаніямі «Інтэрсэрвіс» і «Шантэр» (апошнюю ўзначальвае экс-памочнік Лукашэнкі Натальля Пяткевіч). Сябра Савету Рэспублікі, сябра прэзыдыюму «Белай Русі», сябра Рады па разьвіцьці прадпрымальніцтва ў Беларусі, старшыня праўленьня Беларускай тэніснай фэдэрацыі, сябра Нацыянальнага алімпійскага камітэту, сябра Рады старэйшын Рэспубліканскага штабу студэнцкіх атрадаў ЦК БРСМ, узнагароджаны мэдалём “За працоўныя заслугі”, мае падзяку Лукашэнкі і ганаровую грамату Нацыянальнага сходу РБ, ганаровы прадстаўнік гандлёва-прамысловай палаты Нэпала.

4. Павал Тапузідзіс — тытуньнік. 59 год. Уладальнік «Тытунь-інвэсту», сеткі крамаў «Карона» і «Карона-Тэхна», гандлёвага цэнтру «Замак» і клюбу Prime Hall у Менску, сеткі кавярняў «Амстэрдам» і «Піт-стоп», рэстарацыяў і кавярняў Belvedere, «Залаты лотас» і «Папараць-кветка». Таксама ўваходзіць у кіраўніцтва «Белай Русі». Этнічны грэк, ганаровы консул Грэцыі ў Беларусі. Падчас выбараў 2010 году ўзначаліў адну з выбарчых камісіяў у Менску. Прызнаваўся, што ня любіць спорт, але мусіў патраціцца на будоўлю трох лядовых палацаў (гэта зьвязваюць з дазволам збудаваць «Замак» насупраць Палаца Незалежнасьці). У нядаўнім інтэрвію «Нашай Ніве» ўскосна выказваўся за беларускамоўную адукацыю.

3. Аляксандар Машэнскі — рыбак. 45 год. Паводле ацэнак экспэртаў, Машэнскі таксама пачынае адыгрываць ролю Чыжа пры Лукашэнку. Гендырэктар рыбнай кампаніі «Санта-Брэмар», валодае 90% акцыяў малочнай кампаніі «Савушкін прадукт», мае долю ў берасьцейскіх «Прадтаварах» і швейнай кампаніі «Надзея», купіў расейскую кампанію «Русское море» з рыбзаводам у Нагінску, валодае берасьцейскім «Берасьцемясамалсэрвісам», турыстычным комплексам «Шале Greenwood» пад Берасьцем і офісным комплексам у Гародні. Ганаровы консул Ісьляндыі ў Беларусі, сябра Рады па разьвіцьці прадпрымальніцтва ў Беларусі і іншых праўладных кансультатыўных органаў. Узнагароджаны мэдалём “За працоўныя заслугі” і ордэнам Айчыны III ступені разам з Чыжом і Жукавым. Старшыня Беларускай фэдэрацыі веславаньня. Мае спартовыя разрады па барацьбе, веславаньні на байдарках і спартовай гімнастыцы.

2. Віталь Арбузаў — аўтамабіліст. 51 год. Ягоны холдынг Fenox Global Group пачаўся са зборкі гідрацыліндраў для аўтамабіляў ВАЗ 2105, а на сёньня разросься да вытворчасьці і дыстрыбуцыі аўтакампанэнтаў для расейскіх і эўрапейскіх вытворцаў, амэрыканскай вэнчурнай кампаніі (здольнай інвэставаць сотні мільёнаў даляраў), сеткі крамаў Preston, будаўнічай, транспартнай, навукова-дасьледчай і мэдыцынскай арганізацыяў. Сам Арбузаў, дарэчы, суаўтар некалькіх запатэнтаваных тэхналёгіяў у аўтакампанэнтах. Валодае адной з самых дарагіх прыватных аўтакалекцыяў Беларусі. Паводле зьвестак «Ежедневника», меў інтарэс у куплі Onliner.by.

1. Віктар Кіслы — танкіст. 39 год. Некалі сьціплы беларускі распрацоўшчык гульняў цяпер вядомы ва ўсім сьвеце: у World of Tanks зарэгістраваныя сотні мільёнаў. Па зьвестках Forbes, даляравы мільярдэр. Разам з кампаніяй-распрацоўшчыкам гульняў Waragming (у якой значыцца толькі саўладальнікам разам зь Мікалаем Кацалапавым, №15 у топе бізнэсоўцаў, і Іванам Міхневічам, №16) валодае мабільным распрацоўшчыкам «Мелсофт», кіпрскім банкам Hellenic Bank і кіпрскім офісным цэнтрам President, мае долю ў аўстрыйскім вэнчурным фондзе Hitbox. Хоць «танчыкі» вядомыя як беларуская гульня, іншыя гульні Wargaming — як World of Warplanes ці World of Warships, а таксама перазапуск славутай Master of Orion — распрацаваныя за мяжой. У Беларусі Кіслы ўзнагароджаны мэдалём “За працоўныя заслугі”.

Некалькі цікавых агульных рысаў людзей у сьпісе

— У 2012 годзе сярод кандыдатаў у эўрапейскі санкцыйны сьпіс фігуравалі Шакуцін, Тапузідзіс і Машэнскі, але ўрэшце іх у сьпіс не ўключылі. У 2015 годзе суд Эўразьвязу палічыў, што ня мае дастатковых доказаў і для таго, каб увесьці санкцыі супраць Чыжа.

— Мясцовы дабрачынны фонд разьвіцьця тэнісу — своеасаблівы клюб пасьпяховых бізнэсоўцаў Беларусі. У склад заснавальнікаў увайшлі Алексін, Шакуцін, Мацюшэўскі, ускосна ў складзе «Эўраопту» Васілько і Літвін, а таксама многія іншыя буйныя кампаніі і бізнэсоўцы Беларусі.

—Толькі трое ў новай дзясятцы — Жукаў, Арбузаў і Кіслы — не зьвязаныя відавочна з Лукашэнкам. Прынамсі, наконт іх сувязяў з уладамі нічога пэўна не вядома.

— За мяжой жывуць тры чалавекі: Васілько, Літвін і Кіслы. Машэнскі ў Берасьці — астатнія ў Менску.

— Большасьць бізнэсоўцаў мае вельмі разнастайныя бізнэсы, на дадатак да асноўных валодаюць банкамі ці сеткамі крамаў. «Недывэрсыфікаванымі», і тое з нацяжкай, можна назваць Кіслага і Жукава.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG